Друк
06.03.2019
Пакаралі за тое, што паскардзіўся?
 
Абласны суд пакінуў у сіле рашэнне суда першай інстанцыі. Сяргей Ярась паедзе ў турму, а Аляксандр Гуцько на «хімію».
 
5 сакавіка 2019 года суддзя абласнога суда А. Лешчанка падтрымаў свайго маладога калегу з суда Ленінскага раёна Аляксандра Семянчука і пакінуў у сіле яго рашэнне.
 
Нагадаем, што ў верасні 2018 года кампанія маладых людзей смажыла шашлыкі на асабістым падворку. Каля 18. 00 суседка выклікала на іх міліцыю, нібыта за тое, што гучна грала музыка і перашкаджала ёй. У выніку прыезду міліцыі гаспадар дома атрымаў каля 24 цялесных пашкоджанняў, уключна са зламанымі рэбрамі. Уся кампанія пераначавала ў ІЧУ і раніцай атрымала штрафы па 10 базавых.
 
Маці Сяргея Валянціна Ярась, пасля таго як сын зняў пабоі, пачала дамагацца ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Атрымалася гэта зрабіць толькі праз паўгода пасля шматлікіх паездак Валянціны Ярась да міліцэйскага начальства ў Мінск. Аднак справу хутка спынілі і распачалі крымінальную справу ў дачыненні да Сяргея Ярася і яго прыяцеляў.
 
На судзе міліцыянты цалкам адмовіліся ад сваіх першапачатковых сведчанняў і вылучылі версію, што Сяргей Ярась збіў ўчастковага Асінкіна драўляным брусам.
 
І вось 10 снежня 2018 года суд прызнаў мужчын вінаватымі ў гвалце над супрацоўнікамі міліцыі участковым Г. Асінкіным і кіроўцам Ю. Матвійчуком.
 
Сяргею Ярасю прызначылі 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Аляксандра Гуцько прысудзілі да трох гадоў «хіміі».
 

Сяргей Ярась паедзе ў турму

Абодвух абвінавачаных абавязалі салідарна пакрыць 300 рублёў маральнай шкоды пацярпеламу ўчастковаму Георгію Асінкіну. Другому пацярпеламу – міліцыянту-кіроўцу Юрыю Матвійчуку – кампенсаваць маральную шкоду будзе толькі Сяргей Ярась – 150 рублёў.


На відэа вэрсія падзеяў маці асуджанага Сяргея Ярася.

На думку «Народнага рэпарцёра» для таго, каб пырскі ад чарговага ўдару пад дых сыстэме не ахляпалі таварыша Астрэйка, які на той момант прыняў пасаду начальніка УУС Брэсцкага аблвыканкама, крымінальна пакаралі не міліцыянтаў, а грамадзян.
 

Сяргей Пятрухін,
Народный Рэпарцёр

 
© 2019 "Берасцейская вясна"