Друк
12.03.2019
Берасцеец прыцягнуў увагу ўладаў да растрэльнай ямы
 
20 базавых за ушанаванне ахвяр другой сустветнай.
 
Віталя Казака за ўскладанне кветак на месцы масавага расстрэлу берасцейцаў падчас ВАВ аштрафавалі на 20 базавых велічыняў. Здейсніў гэтую выбітную юрыдычную працэдуру вядомы ў Брэсце шоўмэн ад АУС Мікалай Самасюк, які прымчаўся па тэрміновым выкліку для вынясення пастановы недзе а 23. 00.
 
В. Казака прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці паводле ч. 2 арт. 21.14 КоАП у выглядзе штрафу ў памеры 20 базавых велічынь парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў.
 
Вечарам 11 сакавіка брэсцкі актывіст Віталь Казак прынёс да плота будпляцоўкі, на тэрыторыі якой выяўлены астанкі сотняў загінулых людзей, кветкі, лампадкі і фатаграфіі габрэяў.
 
Такім чынам берасцеец зноў прыцягнуў увагу ўладаў і грамадскасці да тэмы будаўніцтва на месцы, дзе ў вайну былі расстраляныя сотні людзей. Ён упэўнены: тут не павінна быць жылля.
 
Нагадаем, што 24 лютага Казак прынёс да будоўлі 11 вянкоў з жалобнымі стужкамі і лампаду. Неўзабаве вянкі зніклі, так здарылася, што іх перанеслі да помніка ахвярам габрэйскага гета, які знаходзіцца побач.
 
Мабыць, прыйшоў час ставіць міліцыянтаў каля вечнага агню і караць тых, хто ўскладае кветкі, ушаноўваючы памяць па героях і ахвярах вайны.
 
Як ужо паведамлялася, на месцы будаўніцтва элітнага квартала, абмежаванага вуліцамі Савецкай, Дзяржынскага, Куйбышава і праспектам Машэрава, было знойдзена масавае пахаванне часоў Вялікай Айчыннай вайны. На месцы будаўніцтва элітнага жылога комплексу ў гады вайны знаходзілася гета, тут адбываліся і расстрэлы яўрэяў. Непадалёк знаходзіцца помнік 34 тысячам ахвяраў Брэсцкага гета.
 
На 6 сакавіка тут знойдзены парэшткі каля 730 чалавек. Меркавана тут іх каля тысячы.
 
В. Казак будзе абскарджваць пастанову ва ўстаноўленым законам парадку.
Сяргей Пятрухін
“Народны Рэпарцёр”
 
© 2019 "Берасцейская вясна"