Друк
25.03.2019
Берасцейскі актывіст мае намер абскардзіць абсурдны прысуд
 
На Дзень Волі ў судзе Ленінскага раена г. Брэста суддзя Семянчук Аляксандар разгледзеў справу грамадзкага актывіста Віталя Казака.
 

Нагадаем, 15 сакавіка Віталя Казака выклікалі ў апорны пункт міліцыі. У пастарунку ў яго быў ўзяты пратакол-апытання па падзеях 11 сакавіка, калі Казак усклаў кветкі на месцы масавага расстрэлу берасцейцаў падчас ВАВ. За гэта намеснік начальніка Ленінскага РАЎС Мікалай Самасюк аштрафаваў яго на 20 базавых велічыняў. Начальнік кваліфікаваў ушанаванне памяці забітых як “парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў”.

Гэтым разам міліцыя паўторна вярнулася да гэтага эпізода, жанчына-дворнік, якая прыбірала лампады-кветкі, паскардзілася, што Віталь Казак ажыццяўляў на яе ціск і замінаў перасоўвацца... Віталя Казака абвінавацілі ў “дробным хуліганстве” і пакінулі пад вартай да суда. Грамадзкі актывіст мусеў змарнаваць 3 сутак у ІЧУ Ленінскага РАУС.

 

Пацярпелая Тамара Кавальская, дворнік ЖЭС-2, патлумачыла, што Казак “чапляўся да яе, не даваў прайсці, чым абразіў... і парушыў спакой грамадзян...” Пазней выявілась, што пацярпелая напісала заяву на грамадзкага актывіста на тым сама пастарунку, дзе ў актывіста бралі пратакол- апытанне. Словы з заявы “пацярпелай” і ў каментары да відэа ў матэрыялах справы гучалі да здзіўлення падобна. Закралася думка, што “пацярпелай” дапамаглі правільна сфармуляваць фабулу заявы.

Суддзя Семянчук Аляксандар Аляксандравіч палічыў Віталя Казака вінаватым у правапарушэнні прадугледжаным арт. 17.1 КаАП “дробнае хуліганства” і пастанавіў прыцягнуць да адказнасці ў выглядзе адміністратыўнага штрафа ў памеры 10 базавых.

Правабаронца Ўладзімір Вялічкін лічыць затрыманне сутак Віталя Казака адвольным і прэвентыўным, а абвінавачанне абсурдным - выставіць грамадзкага актывіста “хуліганам”каб адхіліць ад грамадзкай дзейнасці, маўляў “на пакрыўджаных ваду возяць”.

Я асабіста не пабачыў у матэрыялах справы складу правапарушэння, бо арт. 17.1 гучыць так - “Нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы, абразлівае прыставанне да грамадзянаў і іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадзкі парадак, дзейнасць арганізацый або спакой грамадзян і выражаюцца ў відавочнай непавазе да грамадства...”

Віталь Казак дэ факта адседзеў 3 сутак паводле пратакола аб дробным хуліганстве. Правапарушэнне - цягне накладанне штрафу ў памеры ад двух да трыццаці базавых велічынь або адміністрацыйны арышт. Чаму суд не уключыў адседжаныя суткі ў пакаранне?

Я лічу, што справа Віталя Казака сведчыць аб залежнасці міліцыі і суда ад выканаўчай улады. Што гэтыя органы наўмысна ажыццяўляюць рознабаковы ціск на грамадзкага актывіста, каб утаймаваць ягоную дзейнасць і залякаць пратэстную частку насельніцтва”, - выказаў сваё меркаванне адносна суда праваабаронца.

 

 
© 2020 "Берасцейская вясна"