Друк
26.03.2019
Пакуль не выяўлены негатыўны ўплыў на акаляючае асяроддзе, няма падстаў на рэферэндум
 
У судзе Ленінскага раёна суддзя Андрэй Канючка распачаў разгляд скаргі ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндума да Брэсцкага райвыканкама на адмову ў правядзенні мясцовага рэферэндума.
 

У судзе бок райвыканкама прадстаўлялі прадстаўнік райвыканкама і дзве прадстаўніцы глаўнага ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама.

Заяўнікі Ірына Сіліцкая, Маісей Мазько, Алена Макарэвіч і іншыя лічаць, што падстава для адмовы, пытанне вынесенае на рэферэндум не адпавядае заканадаўству, надуманая і парушае іхняе права на удзел у кіраванні дзяржавай. Калі няма магчымасці заканадаўча забараніць шкодную вытворчасць, выхадам есць рэферэндум, перакананыя заяўнікі.

Адказчыкі ня згодныя з патрабаваннямі выкладзенымі ў скарзе. Адмова паводле прадстаўнікоў улады грунтуецца на заканадаўстве.

Прадстаўнік райвыканкамапатлумачыў, што грамадзяне звярнулісь з пакетам дакумантаў аб рэферэндуме, па якім глаўнае упраўленне юстыцыі аблвыканкама падрыхтавала адпаведную выснову - “забарона па вытворчасці акумулятараў супярэчыць беларускаму заканадаўству”, абапершыся на выснову аблвыканкама мы адмовілі у правядзенні рэферэндума.

Прадстаўніцы глаўнага ўпраўлення юстыцыі патлумачылі, што пакуль не выяўлены негатыўны ўплыў на акаляючае асяроддзе няма падстаў на рэферэндум і забарону завода АКБ. Завод не працуе, таму нельга так ставіць пытанне. Указам прэзідэнта аб інавацыйным развіцці Беларусі вызначана, што гэтая вытворчасць мае вялікае значэнне для краіны... А заяўнікі адвольна трактуюць беларускае заканадаўства...

Заяўнікі ж нязгодныя з пазыцыяй прадстаўнікоў выканкама. “Выканкам павінен бараніць правы народа, сваім адказам яны парушаюць нашыя правы на спрыяльнае і здаровае наваколле, у іх камретэнцыі заюбараніць будову завода, яны ігнаруюць патрабаванні грамадзян”, кажа заяўніца Ірына Сіліцкая.

Заяўнік Маісей Мазько: “Мы ініцыявалі правядзенне рэферэндума, бо грамадзкія абмяркаванні праводзілісь таемна. Калі пабачылі пашпарт аб'екта, сабралі каля 40 тыс. подпісаў, напісалі шмат лістоў у розныя ўстановы. Праект быў адкліканы на паўторную экспертызу, якая дадаткова высвятліла 8 небяспечных чыннікаў. Нашыя правы парушаныя, шкодныя выкіды акумулятарных заводаў рассейваюцца ў радыюсе 30 км. Мы запытвалі, як будзе забяспечана бяспека насельніцтва, апынулася, што ў рэспубліцы няма ўстаноў, якія могуць маніторыць нанасімую людзям і наваколлю шкоду. Не пралічаныя страты для эканомікі рэгіёна. Мы баімся, што берасцейшчына страціць больш , чым прыдбае ад гэтага завода. Асабліва нас непакоіць здароў'е нашых дзяцей...

Заяўніца Алена Макарэвіч: “Ахова акаляючага асяроддзя гарантавана канстытуцыяй. Права ж інвестара пастаўлена вышэй за права грамадзян на спрыяльнае і здаровае акаляючае асяроддзе. Прыкладаў шкоды, якая была вынікам падобных вытворчасцяў, мноства, ачыстка забруджаных свінцом тэрыторыяў практычна немагчымая. Сметнікі адкідаў гэтай вытворчасці выяўлены на тэрыторыі вобласці. Рэкультывацыя замель пасля гэтай дзейнасці не выконваецца. Тое сама чакае Брэсцкі раен. Мы хацелі правесці рэферэндум ня толькі адносна гэтага завода, а супраць усіх падобных вытворчасцяў у раёне.

Варта адзначыць, што падчас судовага разбіральніцтва адвакат заяўнікоў заявіў, што суддзя абмяжоўвае яго ў задаванні пытанняў...

Суддзя абвесціў перапынак да 8 красавіка і прызначыў чарговае пасяджэнне на 14:10.

 
© 2019 "Берасцейская вясна"