Друк
16.06.2019
Мы проста хочам жыць - зачыняйце завод!
 
У кожнага з нас ёсць ДОМ - абжыты, цёплы і ўтульны. І ніхто з нас не хоча бруду ў сваім доме, і ўжо тым больш, калі гэты бруд нясе небяспеку.
 
Сяргей Пятрухiн, блогер "Народны рэпарцёр"
 
І ўсе мы хочам жыць, гадаваць дзяцей, спакойна ў сваім доме, на сваёй вуліцы, у сваім горадзе, у сваёй краіне. ЖЫЦЬ БЯСПЕЧНА.

Чамусьцi некаторыя, так званыя бізнесмены, ад якіх, як нам кажуць, залежыць росквіт краіны, дзеля сваіх грошай лічаць гэта простае наша чалавечае жаданне малазначным і папросту не прымаюць яго як аснову нашага жыцця. Таму што наша бяспека для такіх бізнесоўцаў гэта дорага і не прыносіць прыбытку?

Мы аб'ядналіся. Мы, берасцейцы, паўтара года змагаліся за свой ДОМ, за сваё права жыць бяспечна ў гэтай краіне. У снег і ў дождж мы выходзілі на плошчу з маўклівым пратэстам - улады рабілі выгляд, што нас, грамадзян гэтай краіны, проста няма.

Мы пісалі і даводзілі чыноўнікам усіх рангаў, ведамстваў і кантор, што свінцовы акумулятарны завод - гэта злачынства - нас не хацелі слухаць.

Мы выходзілі на мітынгі, патрабавалі выканання дзяржаўнага заканадаўства па поўнай бяспецы гэтага завода - нам паказвалі на тое, што мы не разбіраемся ў гэтым.

Завод спакойна будаваўся.

 

Мы выйшлі на вуліцы гораду з адзіным заклікам – «не ЗАВОДУ АКБ». Лекары, інжынеры, прадпрымальнікі, рабочыя – усе, незалежна ад даходу і сацыяльнага становішча. Мясцовая ўлада палічыла, што сотні грамадзян ствараюць праблему ў зараблянні грошай бізнесоўцу – у справу ўмяшалася міліцыя, АМАП - дзясяткі былі затрыманыя і пайшлі пад суд. Шмат хто насамрэч пазнаёміліся з ізалятарам часовага ўтрымання... заадно ўлада выканала план па папаўненні бюджэту ў выглядзе штрафаў з нашых заробленых грашовых сродкаў.

А завод, у парушэнне ўсіх тэхнічных законаў і тэхналагічных нормаў, будаваўся і надышоў той дзень, калі нас паставілі перад фактам - завод ёсць і ён працуе.

І тады раптам улады пераканаліся, што ўсё, што было напісана намі ў зваротах, запытах, прадстаўлена ў разліках - праўда. Што завод сапраўды страшны ў сваім працоўным стане. Што ў аснове завода ў частцы яго бяспекі ляжыць падман і элементарнае жлобства - ну, не купіць ніколі гэты бізнесмен якаснае, а значыць дарагое ачышчальнае абсталяванне.

Завод зарабіў, і свінец палез з усіх шчылін - у паветра, ваду, у глебу. Побач з нашымі дамамі.

Свiнцовая варта - кругласутачнае дзяжурства каля заводу АКБ

I мы ўсталі на свінцовую вахту. Дзённы і начны свінцовы дазор. Мы дзяжурылі. Мы самі на сабе адчулі, што значыць дыхаць гэтай атрутнай хіміяй.

Наш дазор не прайшоў дарма - мы іх злавілі - і на выкідах свінцовага пылу ў паветра, і на зліве свінцовых сцёкаў у каналізацыю. Мы зрабілі тое, што павінна была зрабіць улада гэтай краіны.
Мы абаранялі свой ДОМ. А вось каго абараняла ўлада? 


Калі раптам абсалютна ўсе пераканаліся, што гэта страшна, і гэта цяпер будзе з намi заўсёды, кожны дзень, і што горад пад рэальнай пагрозай – улады раптам таксама адчулі сябе жыхарамі гэтага гораду і зразумелі, што неабходна тэрмінова прымаць меры, бо гаворка ідзе пра бяспеку гораду, у якім жывуць усе.


Нас нарэшце пачулі. Лепш позна, чым ніколі.
Праца завода прыпыненая. Будзе вырашацца пытанне аб яго перапрафіляванні. Прынамсi нам так сказалі. Каму дастанецца свінцовая начынка завода – невядома. Пытанняў і працы ў нас яшчэ шмат.

Экалогія перастала быць для нас проста модным паняццем. Экалогія цяпер для нас гэта рэальная аснова нашага жыцця.

Мы спынімся толькі тады, калі з тэрыторыі завода вывезуць апошнюю адзінку абсталявання.

Таму галубы на плошчы ўсё яшчэ чакаюць нас... 

 
© 2020 "Берасцейская вясна"