Друк
20.08.2020
Бабка седзела насупраць Меркурыя на лавачцы з бібліяй,
рабіла выгляд, што чытае яе, а сама ўвесь час зіркала па баках ...
 
Берасцеец Сяргей 11 жніўня вырашыў у якасці дабрачыннасці купіць пратэстоўцам вадзіцы і медыкаментаў. У раёне 17 гадзін схадзіў у аптэку, набыў ёжу, бінтоў. Вады ў краме купіў. Пакінуў усё гэта на скрыжаванні Шаўчэнка-Машэрава.
 

Калі ішоў, звярнуў увагу на падазроных бабуль: адна сядзела на KFC з унучкай. Сядзела больш за 3 гадзіны на адным месцы, я перад гэтым выходзіў па хлеб яшчэ, яе заўважыў. Падазронай здалася, таму што яна сядзела бязвылазна на адным месцы, нікуды не рухалася. Другая бабка сядзела насупраць Меркурыя на лавачцы з бібліяй, рабіла выгляд, што чытае яе, а сама ўвесь час зіркала па баках. Я першапачаткова асаблівага значэння не надаваў гэтаму, а потым заўважыў, што як толькі я прайшоў міма яе, яна адразу стала тэлефанаваць.

Гэта я потым ужо зразумеў, што яна ў міліцыю набірала. Перад гэтым цікавілася, хто я такі і што тут раблю. Я адказаў: «так, гуляю, вадзіцу вырашыў пакінуць». Спытаў у яе: «а вы чакаеце кагосьці?» Яна кажа: «не хвалюйцеся, мяне забяруць». Я паўсміхаўся, прайшоў міма, яна адразу стала набіраць камусьці. Я спыніўся далей, падумаў, дай паслухаю, каму яна тэлефануе. Яна так рукой прыціснула тэлефон і кажа: «Так, можна забіраць». Я падумаў, дзіўна, але не паверыў, што гэта яна пра мяне, можа яна прасіла яе забраць. Без усякай задняй думкі пайшоў дадому, на Набярэжнай жыву. Іду па Шаўчэнка, там міліцэйская машына стаіць, я зайшоў да сябе ў двор, чую, тупат ззаду. Падбягаюць міліцыянт і два АМАПаўца: «Малады чалавек, пакажыце заплечнічак».

У заплечніку нічога не знайшлі, а яны ўсё роўна кажуць: «Пройдзем». Я пачынаю цікавіцца, чаму, а мне кажуць: «А чаго вы “закладкі” робіце?» Спрабаваў ім растлумачыць, што я ваду пакідаў, бескарысна. «Ідзеш з намі, няма чаго і ваду пакідаць».

Мая маці яшчэ ў двары была, таксама спрабавала даведацца, за што мяне забіраюць, яны коратка адказалі: «Нам паступіў сыгнал». Увогуле, запакавалі, са мной у машыне было яшчэ двое маладых людзей унутры, гадоў 17-18. Адвезлі ў Ленінскі ІЧУ, выгрузілі каля боксаў. Там іх шмат на тэрыторыі, штук 20 у шэраг, разнаразмерныя аўтамабільныя - для аўтазакаў, для легкавых і г.д. Нас заштурхалі ў адзін з першых боксаў. Яны ўнутры падзеленыя на адсекі адмысловыя.

Адразу падышлі АМАПаўцы, паставілі каля сценкі на расцяжку і пачалі збіваць дубінкамі, прыгаворваючы: «Чё вам у хаце не сядзіцца, пераменаў захацелася, за гэтую “шлюху” галасаваў». Калі адна група АМАПа сышла, прыйшла іншая група і зноў усё спачатку. Кожныя групы білі каля 15 хвілін. Потым ім не спадабалася нешта, што я сказаў, мне далі ззаду па нагах, я ўпаў. Загадалі стаяць на каленях. У такім становішчы я прастаяў гадзін 6, да 00.00 ночы як мінімум.

За гэты час прыходзілі розныя групы АМАПаўцаў, яны ўвесь час змянялі адзін аднаго і заўсёды гаварылі адно і тое ж: «на каго працуеш, колькі табе заплацілі, што ж табе не хапае». І кожны раз яны прымушаюць тлумачыць, чаму ты нешта там зрабіў, чаму вады прынёс, чаму пераменаў хочаш.

Непаўналетняга хлопца білі так жа моцна, як і мяне. Літаральна праз гадзіну пасля нас у суседні бокс таксама прывезлі хлопцаў. Там сценкі вельмі тонкія, таму добра чуваць, што адбываецца ў іншых боксах. Гэтых пачалі адразу пастаянна манатонна зьбіваць без якіх-небудзь пытанняў. Мяркуючы па гуках, іх павалілі на падлогу і зьбівалі нагамі. Праз пэўны час у бокс прывезлі яшчэ двух чалавек, ім таксама пытанні задавалі. АМАПу не падабалася, што гэтыя людзі адказвалі, іх білі пасля кожнага слова і аралі паміж збіццём. Потым прымусілі спяваць гімн, прычым патрабавалі спяваць з выразам. Калі яны забывалі словы - адразу білі.

У адзін з боксаў прывезлі хлопца з дзяўчынай. Дзяўчыне было 16 гадоў, яна ўвесь час крычала пра гэта, а хлопец быў яе старэйшым братам. На іх крычалі, што яны завадатары чагосьці там. У дзяўчыны забралі тэлефон, прымусілі ўвайсці ў телеграм, праверылі яе перапіскі, пачалі зневажаць. «Паскудай», «шлюхай» абзывалі. Яна ўвесь час плакала, казала, што ў яе бацькоў няма, але яе не слухалі, увесь час здзекаваліся. А потым яна заціхла раптоўна. Брата яе адмяцелілі вельмі моцна і паставілі каля нас, але ён настолькі быў зьбіты, што не мог нават на каленях стаяць і нешта адказваць, ледзь дыхаў.

У яшчэ адным боксе быў чалавек з дыябетам, ён прасіў у 18.00 тэрмінова ін'екцыю інсуліну зрабіць. На месцы там быў лекар, але АМАП яго зваць адмовіўся. У выніку хлопец упаў, не мог падняцца, вельмі цяжка дыхаў. У рэшце рэшт яго забралі кудысьці ў гадзін 20 вечара.

У боксы людзей прыводзілі безупынна, нікога не адводзілі, проста дадавалі пастаянна новых. Чуў, што яшчэ адну дзяўчыну білі па спіне, там такія гукі глухія былі. Мне ўдалося з ёй пагаварыць пасля гэтага, яна распавяла, што яе сусед спрабаваў прыкрыць ёй спіну. Калі АМАПаўцы гэта ўбачылі, пачалі яго лупасить так моцна, павалілі на зямлю, дабівалі нагамі на падлозе, са словамі «герой знайшоўся».

Тэлефоны ўсім разбілі, іх скідалі ў кучу каля дзвярэй, натуральна, нікому тэлефоны не вярнулі, тэлефанаваць нікому не давалі. Прымусілі зняць рамяні. У гадзін 00.00 ночы прыйшла нейкая адмысловая група АМАПу, 20 чалавек. У іх галоўным быў велізарная такая бугаина, кг 200 наверное. Ён пачалі кантрольны допыт праводзіць, дапытваўся зноў, чаго ж нам усім не сядзелася, гнуць сваю палітыку партыі. Толькі пасля гэтага адправілі ў сам ІЧУ, праз 3 дні быў суд.

Сьледчыя таксама задавалі адны і тыя ж пытанні, як і АМАП, маўляў, хто нам плаціць, спрабавалі падлавіць на нечым. І тлумачэнні аб тым, чым я займаўся. Валанцёрства не каціла вядома. Па факце склалі два пратаколы, адзін у ноч затрымання, другі ноччу праз 2 дні. Выклікалі да сьледчых ў 2 гадзіны ночы, днём ніхто нікога не дапытваў. У выніку запісалі зусім не тое, што мы казалі, ніводнага майго слова не ўключылі, усіх прапусцілі па гэтым 23.34 артыкуле, не ўлічваючы ніякіх тлумачэнняў і прычын.

Вось і ўся гісторыя.

 
© 2021 "Берасцейская вясна"