Друк
20.10.2020
Вялікія групы падтрымкі, кветкі затрыманай пенсіянерцы. І ізноў «па 15 сутак» і затрыманне на выхадзе з суда.
 
19 кастрычніка ў Ленінскім судзе г. Брэста праходзіў разгляд як мінімум 3 спраў з палітычнай афарбоўкай, па артыкуле 23.34 КаАП. Усе справы разглядаў суддзя Грушко Аляксей Вацлававіч паасобку. Спярша былі паседжанні над мужам і жонкай Драгобецкой Веранікай і Лазарчук Зміцерам. Абодвум, за эпізод 13 верасня, закідвалася парушэнне ч.1 арт.23.34 КаАП.
Прыцягваемыя да адказнасці прызналі віну цалкам, і кожны атрымаў па 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Ці звязана такое досыць жорсткае пакаранне з папярэднім месцам працы Драгобецкой (яна працавала ў гарвыканкаме да сярэдзіны жніўня), або з бягучым месцам працы яе мужа (БугТВ) - невядома.
Потым пачалося пасяджэнне над пенсіянеркай Гнаук Е.П. Яшчэ да яго пачатку суд запоўніла атмасфера падтрымкі, Алене Пятроўне падарылі некалькі букетаў кветак. Жанчына толькі-толькі скончыла адбываць 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
У калідоры суда сабраліся людзі, а на вуліцы да Дома правасуддзя ў гэты час падышоў «марш пенсіянераў». Убачыўшы праз акно людзей з БЧБ-сцягамі на вуліцы, жанчына адчыніла акно калідора і пракрычала натоўпу: «Я вас люблю! Жыве Беларусь! »Супрацоўнікі міліцыі адразу выйшлі на вуліцу здымаць на камеру групу падтрымкі, а на паркоўцы спыніўся сумнавядомы бус з таніраванымі вокнамі.
У чаканні пасяджэння Алена Пятроўна распавядала пра ўмовы ўтрымання. Апынулася, яе пад канец адправілі ў адзіночную камеру, дзе на яе думку, умовы значна горшыя чым у звычайнай камеры. Прыводзіла ў прыклад, што даводзілася ўцяпляць дзіркі ў фортачцы хлебам. Таксама згадвала, што ў камеры пастаянна прысутнічаюць грызуны, а туалет ў жахлівым стане.
У рэшце рэшт сакратар запрасіў на пасяджэнне над пенсіянеркай. Ёй закідвалася парушэнне ч.1 арт.23.34 КаАП, разглядаў справу суддзя Грушко А.В. Некалькі разоў аб'яўляўся перапынак на 5-10 хвілін. Адзін раз перапынак быў абвешчаны, калі ў дзверы пасярод пасяджэння зазірнуў нехта - і суддзя раптам абвясціў аб перапынку ў 5 хвілін. З па-за дзвярэй пачуліся гукі аддаляюшчыхся абцасаў, мабыць праз бяггучнае запрашэнне менавіта гэтай асобы суддзя перапыніў пасяджэнне. Алена Пятроўна ўслых выказала здагадку, што суддзю выклікалі пракансультаваць, «ці можна за малітву судзіць». Як раз да гэтага жанчына вусна тлумачыла суду, што 30 жніўня, у дзень, за які ёй ставяць у віну ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, яна знаходзілася на вуліцы Леніна перад АМАПам, станавiлася перад імі на калені і малілася «аб спыненні кровапраліцця». Пасля апытання Гнаук Алены суддзя прыступіў да вывучэння доказаў. Яно грунтавалася у тым ліку на двух відэазапісах, адну прагледзелі ў зале суда - і там на заднім плане была пенсіянерка, Гнаук Алена прызнала ў ёй сябе. А калі паспрабавалі паглядзець на CD-дыску другі відэазапіс, раптам апынулася што носьбіт пусты.
Пасьля перапынку судзьдзя аб'явіў: справа адпраўляецца на дапрацоўку. Зала з палёгкай уздыхнула. Радасная група падтрымкі накіравалася да выхаду з будынка суда, і сама Алена таксама. Яна ўжо з 13 гадзін дня была вольным чалавекам, скончыўшы адбываць 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Але як неўзабаве выявілася, міліцыя не мела намеру адпускаць яе. Спачатку праваахоўнікі тлумачылі ёй свае дзеянні тым, што трэба вярнуцца ў ІЧУ за тэлефонам пенсіянеркі, і таму Алена Пятроўна павінна паехаць з імі ў міліцэйскай машыне.
Сваякі пенсіянеркі прапаноўвалі іншы варыянт: міліцыя едзе ў ІЧУ ў сваёй машыне, а яны ўслед (разам з Гнаук) - на сваёй. Праваахоўнікі чамусьці не пагаджаліся, а потым і зусім сілком пачалі запіхваць Алену Пятроўну ў сваю машыну і аб'явілі, што яна затрыманая. На пытанні, на якой падставе затрымліваюць, не адказвалі, толькі селі ў машыну з мігалкамі і спешна з’ехалі.
Магчыма, на яе складуць яшчэ адзін пратакол па тым сама артыкуле 23.34 КаАП.
 
 
© 2022 "Берасцейская вясна"