23.01.2016 Грамадства
Экстрэмізм ці параноя?
21 студзеня меўся быць працяг разгляду скаргі актывіста КХП-БНФ Алеся Чахольскі аб прызнанні дзвюх кніг Зянона Пазняка экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Суд быў адкладзены. Экспертная камісія Брэсцкай вобласці па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі ўстанавіла, што дзве кнігі аўтарства Зянона Пазьняка «ўтрымліваюць прыкметы праявы экстрэмізму». Алесь Чахольскі палічыў, што аргументы экспертызы не вытрымліваюць крытыкі, таму што няма такіх слоў, якія паказваюць на экстрэмізм.
Нагадаем, што 27 верасня ў пункце мытнага афармлення «Брэст Цэнтральны» у сакратара Кансерватыўна-хрысціянскай партыі - БНФ Аляксандра Чахольскага былі канфіскаваныя па два асобнікі кніг «Добрыя фатаграфіі» і «Абарону Курапатаў. Народны мемарыял» Зянона Пазняка. Брэсцкая мытня накіравала ў суд Маскоўскага раёна Брэста заяву аб прызнанні дзвюх кніг Зянона Пазняка экстрэмісцкімі матэрыяламі.
13 студзеня ў Маскоўскім судзе Брэста пачаўся разгляд скаргі актывіста КХП БНФ Алеся Чахольскі на рашэнне камісіі Брэсцкага аблвыканкама. "Эксперты", якія прызналі кнігі Пазьняка экстрэмісцкімі, не з'явіліся ў суд, не даслалі ніякага тлумачэння. У судзе не аказалася асобнікаў кніг, пра якія была спрэчка.
Зараз справа будзе разглядацца судом Ленінскага раёна Брэста па месцы знаходжання экспертнай камісіі аблвыканкама.