11.09.2016 Палітыка
Інцыдэнт на выбарчым вучастку
10 верасня на выбарчым вучастку № 6 Кобрынскай выбарчай акругі № 12 а 11 гадзіне давераная асоба кандыдата Аляксандра Меха Віталій Малдуноў выказаў жаданне азнаёміцца са станам пячаткі на скрыні для датэрміновага галасавання. Намеснік старшыні камісіі Марыя Мікалаеўна Клачкова ў грубай форме не дапусціла яго да агляду скрыні. На думку даверанай асобы яна наўмысна правакавала канфлікт.
А 18-45 іншая давераная асоба кандыдата Аляксандра Меха Рыгор Грык у прысутнасці назіральнікаў АБСЕ папрасіў дазвол у той сама Марыі Клачковай на фатаграфаванне скрыні.
«Мы Вам ужо дазвалялі, больш не дазволім!», - адказала намесніца старшыні камісіі і ўзяла мяне за руку і адштурхнула ад скрыні», - распавядае Рыгор Грык: «Пасля чаго выклікала міліцыю, маўляў я яе штурхтуў».
Міліцыя настойліва «запрашала» давераную асобу Рыгора Грыка на пастарунак, але ў прысутнасці міжнародных назіральнікаў не наважылась яго туды «падвезці».
Назіральнікам АБСЕ скрыню датэрміновага галасавання паказалі, а вось давераную асобу кандыдата Аляксандра Меха так і не дапусцілі да скрыні.
11 верасня давераная асоба кандыдата Аляксандра Меха Віталій Малдуноў звярнуўся са скаргай у камісію Кобрынскай выбарчай акругі № 12 з патрабаваннем правесці праверку па факту інцыдэнту, даць яму прававую аценку і расфармаваць камісію вучастка для галасавання № 6.