27.09.2016 Грамадства
Як беларусы трапляюць у працоўную няволю
«Вы мусіце з“явіцца...» з такіх словаў пачынаецца позва, якую даслаў аддзел унутраных спраў Брэсцкага раённага выканаўчага камітэту за подпісам намесніка начальніка аддзела Э.В. Алешка, Уладзіславу Вараксіну.
Позву пабачыла маці Ўладзіслава Юзэфа Вараксіна.
«Як такое магчыма?! - кажа яна: Дзякуючы гэтаму Алешку суд прыняў пастанову дэпартаваць майго сына ў Расею. Сына пад канвоем без сродкаў для існавання выкінулі ў невядомае!
Дзе ён зараз, мне не вядома, сыну забаронены ўезд у Беларусь на 5 гадоў. Як ён з“явіцца, хіба Алешка ня ведае?! І дакумантаў у яго няма – ён асоба без грамадзянства і зараз бяздомны, і тут і там, у Расеі.
Мо ў невальніцтва патрапіў! Зараз толькі і чуць як дзесяткі беларусаў трапляюць у Расеі ў працоўную няволю».
Нагадаем, 29 красавіка рашэннем суда Брэсцкага раёна Уладзіслаў Вараксін, асоба без грамадзянства, быў дэпартаваны ў Расею.
Падставай да дэпартацыі Ўладзіслава Вараксіна паслужылі ягоныя адміністратыўныя парушэнні, несваечасовая рэгістрацыя па месцы жыхарства, у дадатак скончыліся 90 дзён знаходжання на тэрыторыі рэспублікі замежніка. Справа ў тым, што замежным грамадзянінам Уладзіслаў Вараксін ніколі не быў, адзіная краіна, якая выдала яму пашпарт – гэта СССР, а дакладна Аддзел унутраных спраў Маскоўскага райвыканкама г. Брэста. Пра якія 90 дзён гаворка да канца не ясна.
У сваёй скарзе ў суд на пастанову першага намесніка начальніка АУС Брэсцкага райвыканкама І.С. Федарука ад 13.04.2016 аб дэпартацыі, Уладзіслаў прасіў пакараць яго штрафам без дэпартацыі, бо з 45 гадоў свайго жыцця 43 гады пражыў у Беларусі, нарадзіўся і вырас у Берасці, усе ягоныя сваякі жывуць у Беларусі, адбываў свае пакаранні і працаваў таксама ў Беларусі, у Беларусі 2 разы ажаніўся і мае ў Брэсцкім раёне непаўнагадовага сына і састарэлую маці, якія патрабуюць ягонай дапамогі і апекі... Намагаўся атрымаць грамадзянства Беларусі, - не атрымалася.