02.04.2018 Грамадства
Пад выглядам акумулятарнага завода пад Берасцем будуецца завод па пераапрацоўцы асабліва небяспечных адкідаў акумулятарнай вытворчасці
У Берасці Вялікдзень быў азмрочаны барацбой жыхароў горада супраць будовы завода па пераапрацоўцы надзвычай небяспечных адкідаў. 1 красавіка каля сотні берасцейцаў чарговы раз выйшлі на плошчу перад аблвыканкамам каб выказаць пратэст супраць будовы акумулятарнага завода.
Грамадзян не налякаў ні дождж ні пагрозы затрыманняў. Па кустах і паблізкіх ялінках хавалісь і сачылі за пратэстоўцамі, якія кармілі галубоў, супрацоўнікі міліцыі. У суседнім двары на пагатове стаяў аўтазак.
Людзі прыходзілі сем’ямі. Дарослыя і малыя трымалі ў руках паветраныя шары жоўтага і чорнага колеру з надпісам “ЖЫЦЬ”.
У невялічкіх групах людзі абмяркоўвалі сітуацыю, якая склалася ў сувязі з будовай акумулятарнага завода пад Берасцем. Усе перакананыя, што ўлады хлусяць і не жадаюць прыслухоўвацца да думак жыхароў горада, што ўладам абыякавы лёс і здароў’е сотняў тысячаў жыхароў рэгіёна.
Пададзеныя раней заяўкі на правядзенне масавых мерапрыемстваў адносна забароны будаўніцтва завода ўлады не задаволілі. Судовыя пазовы да фірмы Айпаўер і райвыканкама аб спыненні будовы завода суды не задаволілі.
Берасцейцы не збіраюцца адступаць, сабралі каля 40 тысячаў подпісаў супраць будовы, звярнуліся да Прэзідэнта, днямі група жанчын падала чарговую заяўку на правядзенне мітынгу…
Праваабаронца Уладзімір Вялічкін лічыць, што інвестар увёў у зман мясцовыя ўлады і пад выглядам акумулятарнага завода будуе завод па пераапрацоўцы асабліва небяспечных адкідаў акумулятарнай вытворчасці.
“Гэты завод будзе трушчыць міліёны адпрацаваных акумулятараў з усяго свету, пераплаўляць дзесяткі тон свінца што дня, пераапрацоўваць па шмат тон электраліта (разпушчаная серная кіслота) і ў невядомым месцы хаваць дзесяткі тонн дрэні, што абляпляе свінцовыя пласціны старых акумулятараў”, - кажа праваабаронца і дадае: “Гэта наўпроставя дыверсія скіраваная супраць здароў’я сотняў тысяч людзей і падрыў экалогіі рэгіёна, забруджванне лесных, водных, сельскагаспадарчых рэсурсаў Брэсцкага раёна і города Брэста. Сітуацыя з заводам паставіла берасцейцаў перад выбарам: ЖЫЦЬ або памерці ад хвароб…”