01.12.2016 Грамадства
Суд над фермерам адкладзены – абвінавачаны шпіталізаваны
1 снежня суд над фермерам Мікалаем Бялчуком не адбыўся.
Хадайніцтва абароны аб змяненні меры ўтрымання Мікалаю Бяльчуку было суддзёй суда Брэстскага раёна г. Брэста Паўлам Главацкім адхіленае да часу з“яўлення абвінавачанага ў судзе.
Пасля чаго суддзя паведаміў прысутным, што ў суд паступіла паведамленне з СІЗА, дзе ўтрымліваўся абвінавачаны ў здзяйсненні злачынства па арт. 364 КК Мікалай Бяльчук, што абвінавачаны 29 лістапада 2016 года змешчаны ў рэанімацыйнае аддзяленне Брэсцкага абласнога шпіталя.
Нагадаем, у знак пратэсту супраць гвалтоўных дзеянняў супрацоўнікаў МУС Мікалай Бяльчук 1 лістапада абвесціў безтэрміновую сухую галадоўку, апошні час яму ў СІЗА рабілі кропельніцу, ён пачаў піць у абмежаванай колькасці ваду, часам кампот. Месяц галадоўкі пазбавіў Мікалая сіл, апошнія дні ён не мог нармальна перасоўвацца і хадзіць...
Пракурор Малейка і адвакаты Мікалая Бялчука заявілі хадайніцтва зрабіць перапынак у судовым пасяджэнні.
Суддзя абвесьціў перапынак да 2 снежня 2016 года. Пачатак далейшага разгляду справы прызначаны на 11 гадзін раніцы.