05.12.2016 Грамадства
Улады наўмысна блытаюць агульна-хрысціянскае сьвята з масавым мерапрыемствам
5 снежня ў судзе Кобрынскага раёна распачаўся працэс над грамадскім актывістам з Кобрына Аляксандрам Мехам.
Суддзя Цімашэнка ўважліва выслухаў прыцягваемага да адміністратыўнай адказнасьці Аляксандра Меха, на якога быў складзены адміністратыўны пратакол за ўдзел у несанкцыянаваных мітынгу і шэсці, то бок парушэнне ч. 3 арт. 23.34 КаАП.
Грамадскі актывіст патлумачыў, што 30 кастрычніка, было рэлігійнае свята, якое падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні, “Дзяды”. У гэты дзень таксама як і на “Радаўніцу” ўвесь хрысціянскі свет, выпраўляецца да магілаў сваіх продкаў, каб ушанаваць іх унёсак у развіццё народаў. Вось і я паехаў у Свіслач, каб ушанаваць памяць паўстанцаў-каліноўцаў, якія аддалі сваё жыццё, за волю нашай краіны Беларусі.
Падчас сьвяткавання “Дзядоў”, сведкамі чаго былі прысутныя на судзе міліцыянты, выпадкаў правапарушэння не было. У той дзень міліцыянты ні да кога не падходзілі, заўваг удзельнікам не рабілі, нікога не затрымлівалі і пратаколаў аб правапарушэнні не складалі.
“Задумка аб правапарушэнні ў міліцыянтаў з’явілася толькі 9 лістапада, менавіта гэтай датай датаваны пратакол складзены на мяне ў Свіслацкім РАЎС. Лічу, што ў пратаколе неправільна кваліфікавана падзея - рэлігійна-нацыянальная традыцыя, агульна-хрысціянскае сьвята пераблытана з масавым мерапрыемствам. Складальнікі пратакола выканалі загад вышэйшага кіраўніцтва”, - кажа Аляксандар Мех.
Сведкі, супрацоўнікі міліцыі, калі апісвалі падзеі 30 кастрычніка шмат казалі пра могілкі, пра свята, помнікі, магілы, кветкі, знічы, прамовы ў гонар загінуўшых “За волю Беларусі”... Яны не маглі патлумачыць, чаму не спынілі правапарушэння, але сьцвярджалі, што гэта было несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.
Аляксандар Мех лічыць, што ўшанаванне нацыянальных і рэлігійных традыцый, у дадзеным выпадку памяці герояў паўстання Кастуся Каліноўскага на “Дзяды”, не з’яўляецца масавым мерапрыемствам, і не патрабуе дазволу ад уладаў, гэта справа сумлення, самапавагі, элементарнай людзкай годнасці. “Калі б гэта было правапарушэннем, міліцыя адразу бы прыняла меры – папярэдзілі, затрымалі, пакаралі. Але гэтага не было.
Толькі больш чым праз тыдзень прыйшоў загад з “гары” і ў парушэнне заканадаўства быў пачаты адміністратыўны працэс. Кіраўніцтва Свіслацкага РАЎС наўмысна блытае агульна-хрысціянскае сьвята з масавым мерапрыемствам, судамі і штрафамі яны імкнуцца залякаць грамадства, пазбавіць яго волі да супраціву”, мяркуе грамадскі актывіст.
Суд абвесціў перапынак у разглядзе справы да 9-30 раніцы 6 снежня.