28.12.2016 Грамадства
Мэта пакаранняў за «Свіслацкі фэст» – запабегчы магчымым масавым пратэстам насельніцтва
28 снежня працягнуўся суд у судзе Ленінскага раёна г. Брэста над адным з удзельнікаў «Свіслацкага фэсту» Яўгенам Скрабутанам.
Нагадаем, Яўген прыцягваецца да адміністратыўнай адказнасці за парушэнне ч. 1 арт. 23.34 КаАП «удзел у несанкцыянаваным мерапрыестве». 8 снежня суддзя Андрэй Канючка адправіў матэрыялы адміністратыўнай справы назад, у Свіслацкі РАЎС, на дапрацоўку.
28 снежня суддўзя даў паўгадзіны прыцягваемаму да адміністратыўнай адказнасці Яўгену Скрабутану і задаволіў ягонае хадайніцтва аб выкліку ў суд сведкаў, супрацоўнікаў Свіслацкага РАЎС, Садоўскага і Гуштына.
У сваіх сведчаннях суду Яўген Скрабутан патлумачыў, што ўшанаванне нацыянальных і рэлігійных традыцый, у дадзеным выпадку памяці герояў паўстання Кастуся Каліноўскага на “Дзяды”, паводле арт. 3 Закона «Аб масавых мерапрыемствах» не з’яўляецца масавым мерапрыемствам. Тэрміны «мітынг» і «вулічнае шэсце», якія выкарыстаныя ў пратаколе не адпавядаюць рэчаіснасці.
Больш таго ў той дзень да яго ніхто з міліцыянтаў не падыходзіў, бо ён грамадзкі парадак не парушаў, а тое, што пратакол быў складзены праз больш чым тыдзень, паказвае на незаконныя дзеянні міліцыі. Прысутныя на могілках міліцыянты правапарушэння не ўгледзелі – толькі праз 10 дзён начальнік ААПП Свіслацкага РАЎС Андрэй Песьняк спахапіўся і склаў пратакол, які падпісалі ягоныя падначаленыя.
Суддзя ўвесь час задаваў пытанніт кшталту: «Хто праводзіў масавае мерапрыемства?», «Хто выступаў на масавым мерапрыемстве?», «Да каго звярталісь выступаючыя на мерапрыемстве?», «Колькі часу праходзіла мерапрыемства?», «Колькі людзей прысутнічала на мерапрыемстве ў Якушоўцы?»
«Маё ўшанаванне «Дзядоў»гэта справа сумлення, самапавагі, элементарнай людзкай годнасці», - сказаў пасля пасяджэння суда Яўген Скрабутан.
«З пытанняў суддзі добра бачна, што ён выразна намагаецца справакаваць прыцягваемага да адказнасці Яўгена Скрабутана прызнаць прынамсі ўскосна ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, каб пакараць яго паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП. Складалася ўражанне, што суддзя і прыцягваемы да адказнасці размаўляюць аб розных рэчах, суддзя аб «масавых мерапрыемствах», а Яўген аб Дзядах, ушанаванні памяці продкаў, свечках, могілках і помніках...
Усе гэтыя пакаранні за «Свіслацкі фэст» маюць адну мэту – у крызысны для Беларусі час запалохаць беларусаў, каб запабегчы магчымым масавым пратэстам насельніцтва», - лічыць правабаронца Ўладзімір Вялічкін.
Суд працягецца 29 снежня 2016 года ў судзе Ленінскага раёна г.Брэста а 9 гадзіне раніцы, кабінет № 1.