12.08.2017 Грамадства
Брэсцкая мастачка на адкрыццё сваёй выставы прыехала на матацыкле
У Брэсце 10 жніўня адкрылася выстава эпатажнай мастачкі Наталлі Чарнагаловы. Сёлета яна святкуе 41-годдзе сваёй творчасці. За гэты час мастачка паспела зладзіць каля 500 персанальных выставаў.
Наталля Чарнагалова крыху змяніла трацыю: раней яна адчыняла свае выставы верхам на кані, але сёлета вырашыла перасесці на матацыкл. Брэстчанка ў якасці пасажыркі праехалася па пешаходнай вуліцы Савецкай, чытаючы вершы ды запрашаючы мінакоў у галерэю.
Выставу “Пра Бога! Пра сонца! Пра любоў!” Чарнагалова прэзэнтавала ў выставачнай зале Грамадска-культурнага цэнтра. На адкрыццё прыйшлі прыхільнікі яе творчасці, калегі па цэху ды мясцовыя чыноўнікі.
“Нам цяжка жыць у Беларусі! Я шмат паездзіла па Свету, таму з упэўненасцю магу сказаць, што ў іншых краінах людзі жывуць нашмат лепей за нас. І я хочу, карыстаючыся гэтай выставай, каб вы дакрануліся да мяне, да майго пазітыву. Каб вы напоўніліся маёй энергіяй, маімі фарбамі – пачалі радавацца жыццю!”, – паведаміла Чарнагалова прысутным, адчыняючы экспазіцыю.
Наталля Чарнагалова вядомая не толькі сваёй эпатажнасцю, але і неверагоднай творчай працаздольнасцю. На выставе яна прэзентавала 80 карцін, якія былі напісаны цягам апошняга году. Усяго, па прызнанні мастачкі, у сваёй майстэрні яна мае тысячы карцін.
Выстава Наталлі Чарнагаловы будзе працаваць цягам двух тыдняў. Штодня на ёй будзе прысутнічаць і сама мастачка, у якой можна набыць ці ўжо гатовую карціну, ці на месцы замовіць партрэт.