18.08.2017 Грамадства
У Брэсце стартуе асветніцкая кампанія для студэнтаў пра Балонскі працэс
Агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч» сумесна з «Цэнтрам роўнага навучання» запускае асьветніцкую кампанію "О, Балонья!» для студэнтаў брэсцкіх ВНУ. У праграме: майстар-класы, трэнінгі, розыгрышы прызоў і лекцыі.
Беларускія ВНУ далучыліся да Балонскага працэсу ў траўні 2015 года. Прайшло тры гады, але навучальны працэс па-ранейшаму не адпавядае Балонскім патрабаванням. Кампанія «О, Балонья!» раскажа, што не так з беларускімі ВНУ, як студэнту абараняць свае правы, як вучыцца і вучыць іншых.
“Сустрэчы, якія мы будзем праводзіць, не будуць клішаванымі, як ва ўніверсітэтах, – распавядае “Берасцейскай Вясне” адна з каардынатараў кампаніі Ірына Ботвіна. – Яны будуць інфармацыйна-пазвальнага характару – простай і даступнай мовай распавядаць усё, што трэба ведаць студэнту: як абараніць свае правы і патрабаваць ва ўніверсітэта выканаць іх. Напрыклад, праз фармат форум-тэатра можна мадэліраваць нейкую сітуацыю: студэнт сядзіць на сходзе рэктарату і абірае разам з усім рэктара, што і прадугледжвае Балонская сістэма адукацыі. То бок на практыцы даведаемся, што такое Балонскі працэс і як ён павінен працаваць”.
Кампанія распавядзе аб "дарожнай мапе" – кроках, якія пройдзе беларуская адукацыя, каб адпавядаць Балонскага працэсу, аб самастойным выбары навучальных курсаў і студэнцкім самакіраванні.
Па ўмовах Балонскага працэсу, студэнт мае права выбіраць лекцыі, якія супадаюць з яго інтарэсамі, абменьвацца вопытам падчас паездак у іншыя універсітэты, удзельнічаць у самакіраванні і ў выбарах рэктара і дэкана. Па статыстыцы Грамадскага Балонскага камітэта, 37% беларускіх студэнтаў нічога не чулі пра змест «дарожнай мапы” рэфармавання вышэйшай адукацыі Беларусі», а 48% - чулі, але не ведаюць падрабязнасцяў (онлайн-апытанне за снежань 2016 - студзень 2017).
Праект працягнецца 7 месяцаў. Каб стаць удзельнікам, трэба далучыцца на групы кампаніі “Укантакце () і запаўніць анкету.
Таксама, па словах Ботвінай, найбольш актыўныя ўдзельнікі нефарматных лекцыяў атрымаюць прызы: чым больш паспяхова выканаеш заданне, тым больш каштоўным будзе прыз.