12.09.2017 Грамадства
Брэсцкая мастачка ў свой дзень народзінаў адкрыла персанальную выставу
11 верасня ў любімым кафэ мастакоў і дызайнераў Paragraph адкрылася выстава "Каля хаты". Яе аўтар - вядомая брэсцкая мастачка Маша Радзько.
Дзеўчына больш вядомая як партрэтыст, на гэты раз выдала серыю пейзажаў, створаных у Малдавіі і Брэсце падчас летняга пленэра. На прэзэнтацыі яна распавяла пра гісторыю стварэння кожнай сваёй працы, а таксама пра леташні досвед працы над кінастужкай пра Вінсента Ван Гога.
Дакументальны фільм "З любоўю, Вінцэнт" прысвечана кароткаму, але незвычайна яркаму творчаму шляху мастака. Унікальнасць фільма ў тым, што кожны кадр - гэта асобная карціна, напісаная алейнымі фарбамі ў той жа тэхніцы, у якой працаваў Ван Гог. У праекце ўдзельнічалі - больш за 100 мастакоў з розных краін: Мексікі, ЗША, Аўстраліі, Канады, Марока, Грэцыі, Аўстрыі, Сербіі, Балгарыі, Іспаніі, Украіны, а таксама адзін прадстаўнік Беларусі - Марыя Радзько.
Назву выставы "Каля хаты" Радзько растлумачыла тым, што выхад з хаты - гэта выхад з зоны камфорту. Па словах брэстаўчанкі, мастакі па натуры сваёй інтраверты, але калі яны выходзяць з дому, пачынаюцца адкрыцці.
Працаваць выстава будзе да 11 кастрычніка.