10.10.2017 Грамадства
За павышэнне якасці жыцця
Калектыўны зварот з патрабаваннем добраўпарадкавання сажалак у мікрараёне Кавалёва г. Брэста накіравана ў мясцовыя выканаўчыя і прадстаўнічыя органы ўлады. Ініцыятыву актывістаў кампаніі "За наш горад» і БСДП падтрымалі каля 200 жыхароў горада.
Да святкавання тысячагоддзя Брэста актывісты просяць правесці добраўпарадкаванне сажалак, а на навакольнай тэрыторыі закласці скверы.
У сваім звароце ініцыятары паказваюць, што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй РБ, кожны грамадзянін мае права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе, якасць якога забяспечвае экалагічную бяспеку, устойлівае функцыянаванне натуральных экалагічных сістэм, іншых прыродных і прыродна-антрапагенных аб'ектаў.
«На жаль, у Брэсце плошча зялёных насаджэнняў не павялічваецца. Адзін з праблемных мікрараёнаў - Кавалёва. Тут цалкам адсутнічаюць гарадскія скверы і паркі. Мы разумеем, што немагчыма зрабіць усё і адразу. Таму прапануем правесці добраўпарадкаванне ўжо існуючых невялікіх водных аб'ектаў (сажалак)» - каментуе ініцыятыву намеснік старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Валянцін Лазарэнкаў.
На думку ініцыятараў, такі аб'ект добраўпарадкавання можа стаць тэрыторыяй вакол сажалкі па вуліцы Ясеневая, а таксама тэрыторыя вакол сажалкі, якая размешчаны ў раёне СШ №25.
«Варта адзначыць, што ў адпаведнасці з генеральным планам развіцця г. Брэста на тэрыторыі горада яшчэ ў 2011 годзе планавалася праектаванне і ўладкаванне наступных ландшафтна-рэкрэацыйных аб'ектаў: сквер ўздоўж вул. Кар'ерная; сквер па вул. Ясеневая з добраўпарадкаваннем існуючых сажалак» - дадае Лазарэнкаў.
Актывісты просяць улады звярнуць увагу, што як самі сажалкі, так і тэрыторыі вакол іх знаходзяцца часта ў антысанітарным стане. Акрамя таго, навакольная тэрыторыя змяшчае элементы бетонных і жалезных канструкцый, якія ўяўляюць пагрозу для жыцця і здароўя людзей. «Мы лічым, што рэкрэацыйныя зоны будуць садзейнічаць павышэнню якасці жыцця жыхароў Брэста. Таму просім правесці добраўпарадкаванне сажалак у мікрараёне Кавалёва, а на акаляючай іх тэрыторыі закласці скверы з пешаходнымі дарожкамі, малымі архітэктурнымі формамі і дзіцячымі пляцоўкамі» - удакладняе свае прапановы актывіст кампаніі« За наш горад» Віктар Кавалюк.