20.10.2017 Грамадства
Суд над грамадзкім актывістам з Кобрына адкладзены на 31 кастрычніка
19 кастрычніка ў судзе Кобрынскага раёна распачаўся паўторны разгляд справы грамадзкага актывіста з Кобрына Аляксандра Меха.
Нагадаем,
15 жніўня Аляксандар Мех выпадкова выявіў у кватэры свайго знаёмага Зміцера Чарніцкага прыладу для праслухоўвання, пасля чаго быў гвалтам схоплены суцпрацоўнікамі АМАП. Пасля некалькіх гадзін здзекаў Аляксандра звінавацілі ў “непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўнікам МУС” і склалі пратакол у парушэнні арт. 23.4 КаАП. У судзе актывіст запатрабаваў адваката, з-за чаго суд быў прызначаны на наступны дзень.
16 жніўня Кобрынскі суд “спыніў адміністратыўны працэс праз брак доказаў”.
Начальнік кобрынскага РАУС не пагадзіўся з вынікамі разгляду справы ад, і падаў скаргу ў Брэсцкі абласны суд, у якой паказвае, што пастанова незаконна і падлежыць адмене па прычыне непаўнаты і неаб'ектыўнага даследаванні адміністрацыйнага правапарушэння. Ён спаслаўся на рапарт супрацоўніка МУС Руслана Гінцэвіча і пацярпелага сведкі Ігара Карповіча, таксама міліцыянта: “Лапаў за форменную вопратку, адмаўляўся сам ісці ў службовае аўто...”.
21 верасня ў абласным судзе Аляксандар Мех патлумачыў, што яго і гаспадара кватэры заламалі ў пад'ездзе, прыдушылі, скруцілі і адправілі ў РАУС, без усялякага на гэта падставы.
Суддзя Брэсцкага абласнога суда Грыгаровіч не разважаў над прыняццём рашэння – яно было падрыхтавана загадзя: “Пастанову суддзі кобрынскага раёна адмяніць і адправіць справу на паўторны разгляд у той сама суд іншаму суддзі”.
Разгледзець справу ў адзін дзень 19 кастрычніка не атрымалася.
Былі дапытаныя сведкі, сям’я Чарніцкіх, а таксама аперупаўнаважаны Карповіч, удзельнік затрымання.
Таму як Аляксандару Меху ставіцца ў віну “непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі”, ён намагаўся высвятліць у Карповіча, каго дакладна з міліцыянтаў ён, Мех, паводле пратакола, лапаў за плечы і цягнуў за форменную вопратку. Карповіч, з ягоных сведчанняў, асобы супрацоўнікаў АМАП ня ведае, не памятае, адмаўляецца называць, спасылаючыся на службовую таямніцу.
Каб прыбраць гэтыя супярэчнасці і па хадайніцтву грамадскага актывіста, каб высвятліць асобы супрацоўнікаў АМАП і выклікаць іх на судовае пасяджэнне, суддзя Цімашэнка абвесціў перапынак да 31 кастрычніка...