23.10.2017 Грамадства
У Брэсце прайшла лекцыя аб журналісцкім расследаванні забойства Паўла Шарамета
У горадзе над Бугам выступіў Крыстафер Мілер, аўтар дакладу "У правасуддзі адмоўлена: Украіна не прасунулася ў расследаванні забойства Паўла Шарамета". Падчас адкрытай лекцыі з элементамі майстар-класа Крыс, які ведаў Паўла Шарамета асабіста, распавёў пра падрыхтоўку сваёй журналісцкай працы, на якую ён выдаткаваў тры з паловай месяца, пра тое, як ён дамагаўся шматлікіх інтэрв'ю, у тым ліку з высокапастаўленымі асобамі ў Украіне.

Даклад быў падрыхтаваны па замове Камітэта па абароне Журналістаў (CPJ, Committee to Protect Journalists), які базуецца ў Нью-Ёрку Прэзентацыя адбылася ў Кіеве ў ліпені 2017 года. Аўтары дакладу праз год пасля гібелі Шарамета дамагліся прыёму ў прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі для блізкіх Паўла. У дакладзе, які грунтуецца на асабістых інтэрв'ю з дзесяткамі спікераў, Крыс падрабязна асвятляе беларускі, расійскі і ўкраінскі перыяды жыцця Шарамета, падспудна аналізуючы, адкуль журналісту маглі паступаць пагрозы. Мілер знаёміць чытача з апошнімі днямі Паўла, калі за ім вялася сачэнне, з дэталёвай карцінай на месцы выбуху аўтамабіля Олены Прытулы, у якой знаходзіўся Павел, і з ходам следства, прыходзячы да высновы пра шматлікія нестыкоўкі ў афіцыйнай версіі забойства журналіста і рэальнымі фактамі. Падчас сустрэчы ў Брэсце Мілер выказаў асабістае меркаванне, што не лічыць “беларускі след” рэалістычнай версіяй забойства, схіляючыся ў бок менавіта “ўкраінскага следу” як асноўнай версіі. Тым не менш, ён зазначыў, што дагэтуль нельга адкідаць аніводную з версіяў.
“Увогуле я лічу, што ахвяра Паўла не была асноўнай мэтай забойства, а галоўнай мэтай была атака на ўсю ўскраінскую журналістыку ў цэлым і на газету “Украінскую праўду” (у ёй працаваў Павал Шарамет і працуе Олена Прытула – прым. рэдакцыі). Апроч усяго ўсё гэта ўсё адбылося ў няпросты для Украіны час, у час, калі Україна падвяргаецца нападам з боку Расеі і калі яна спрабуе праводзіць радыкальныя рэформы ў краіне”, – рэзюмуе Крыстафер Мілер.
Мілер, карэспандэнт "Радыё Свабода" ва Украіне, піша пра канфлікты, карупцыі і палітыку ў рэгіёне для The Times, The Guardian і Global Post. Працуючы ў 2014 годзе рэдактарам і журналістам ва ўкраінскай газеце Kyiv Post, ён дапамагаў ва ўпраўленні рэдакцыяй, якая была адзначана ў тым жа годзе Ганаровым медалём штата Місуры «За адзнакі ў служэнні журналістыцы» за асвятленне газетай крызісу ва Украіне.