04.11.2017 Грамадства
Не азнаёмілі з правамі і парушылі права на абарону
“Забяспечыць бяспеку адваката!” – звярнуўся суддзя Аляксандар Аляксандравіч Семянчук да дзяжурнага прапаршчыка, калі пабачыў на калідоры праваабаронцаў і неабыякавых грамадзян, якія прыйшлі падтрымаць ахвяру рэжыму, намесніцу каардынатара БНК па Брэсцкай вобласці, актывістку Маладой Беларусі, Наталлю Папкову.
На пачатку судовага разбіральніцтва суддзя забараніў відэа/фота здымкі і наўпроставую трансляцыю з залы суда. Апынулася, што грамадзкая актывістка Наталля Папкова прыцягваецца да адміністратыўнай адказнасці паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП. Суд азнаёміў Наталью з ейнымі правамі і задаволіў хадайніцтва аб допуску адваката прадстаўляць яе інтарэсы.
“Я пратакола не бачыла і не падпісвала, мне правоў не тлумачылі. Я адмовілася ад подпісу і дачы тлумачэнняў, бо хацела, каб даць тлумачэнні і каб пратакол быў складзены ў прысутнасці адваката”, - заявіла ў судзе Наталля Папкова.
Адвакат звярнуў увагу суда на парушэнні адміністратыўнага працэса і заявіў хадайніцтва перааформтць дакуманты. Суддзя Семянчук хадайніцтва адхіліў. Але хадайніцтва аб азнаямленні з матэрыяламі справы было задаволена – быў абвешчаны перапынак у 10 хвілін.
Нагадаем, зараз Наталля адбывае пакаранне ў 7 сутак за падзеі 8 верасня ў Менску. Тады праводзілася акцыя супраць вайсковых Расейска-Беларускіх вучэнняў. Тады, як і зараз, яна была абвінавачанага па ч.3 арт. 23.34 КаАП. 2 кастрычніка суддзя суда Цэнтральнага раёна г. Менска Шабуня пакараў Наталлю 7 суткамі арышта завочна. Праз месяц 2 лістапада яна была ўзята пад варту, калі пайшла ў аптэку па лекі.
Сёння, 4 лістапада, Наталлю Папкову даставілі з ІЧУ, што ў Паўночным гарадку г. Брэста, у суд, куды з Менску паступілі матэрыялы па яе чарговай адміністратыўнай справе. Гэтым разам за ўдзел грамадзкай актывісткі ў «Маршы абураных беларусаў» супраць «падатку на дармаедаў» і дзедаўшчыны”.
Пасля перапынку суддзя зачытаў матэрыялы справы, з якіх вынікала, што Наталля Папкова 21 кастрычніка парушыла Закон “Аб масавых мерапрыемствах” сваім удзелам ў мітынгу ў складзе групы грамадзян, дзе знаходзілась с бел-чырвона-белым сцягам на плячах і выгуквала разам з іншымі лёзунгі кшталту: “Свабоду народу!”, “Жыве Беларусь!”…
Грамадзкая актывістка віны не прызнала: “Народ мае права выказваць свае адносіны да дзейнай улады ў тым ліку на плошчы, дзе я там была!” – сказала яна.
З матэрыялаў справы: “Сярод сабраўшыся была Наталля Папкова, лёзунгі – “свабоду палітвязням!”. Былі расцяжкі, журналісты бралі інтэрв’ю, ішла трансляцыя падзей з Кастрычніцкай плошчы ў СМІ”… “На бел-чырвона-белым плакаце ў дзяўчыны надпіс “Свабоду палітвязням…”, а ў руцэ пляшка з надпісам “Баста…”
Быў прагледжаны відэазапіс з “БелСату” аб падзеях на Кастрычніцкай плошчы 21 кастрычніка. Бачна было Наталлю са сцягам на плячах, людзі скандуюць “Жыве Беларусь!”, “Лукашэнка зыходзь!”.., але на відэа не бачна, што дзяўчына крычыць, або дае інтэрв'ю.
Наталля заяўляе што дадзены відэазапіс ня ёсць доказ, бо там не бачна,што яна парушыла Закон.
Адвакат пасля прагляду відэа таксама кажа: “Мы не бачым, што яна крычала, проста ідзе. Апроч таго прыцягваемай да адказнасці не былі даведзеныя правы, парушана яе права на абарону. Просім суд справу спыніць…”
Не марудзячы, суддзя Ленінскага раёна г. Брэста Аляксандар Аляксандравіч Семянчук, агучыў пастанову: “Віна даказана цалкам.., арышт 15 сутак.., можаце абскардзіць…”