У апошнія дні зыходзячага года грамадзкія актывісты з Баранавічаў звярнуліся са скаргай у Камітэт па Правах Чалавека ААН
“Баранавіцкія актывісты ўпэўнены, што яны правы, і вераць у перамогу”, - кажа праваабаронца Сяргей Гоўша:
“28 снежня 2017 года Чарнавус Мікалай Дзмітрыевіч і яго сын Мікалай звярнуліся ў Камітэт па правам чалавека ў Жэневе са скаргай-паведамленнем на незаконныя дзеянні баранавіцкай міліцыі і суда Баранавіцкага раёна і г.Баранавічы, якія прыцягнулі іх да адміністратыўнай адказнасці па ч.3 і ч.1 арт. 23.34 КаАП за тое, што яны разам з іншымі грамадзянамі горада выступілі 26 лютага 2017 года на плошчы Леніна ў г.Баранавічы супраць Дэкрэта прэзідэнта № 3”.
У сувязі з пакараннем актывісты звярнуліся за дапамогай у Баранавіцкае аддзяленне Праваабарончага цэнтра «Вясна». Праваабаронцы Сяргей Гоўша і Аляксандр Вайцешык аказалі ім необходную юрыдычную дапамогу.
Праваабаронца Гоўша: “Чарнавус Мікалай Дзмітрыевіч і яго сын Мікалай у міліцыі і ў судзе даказвалі, што іх дзеянні не парушаюць Закон аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь і не супярэчаць міжнароднаму праву, што наадварот улада парушыла іх правы, прыняўшы незаконны Дэкрэт № 3.
Але ж не! Прайшоў час і міліцыя 08 сакавіка склала на іх пратаколы аб адміністратыўным правапарушэнні, а суд Баранавіцкага раёна і г.Баранавічы (суддзя Аксана Копач) 15 сакавіка пакараў Мікалая Дзмітрыевіча штрафам у 40 б.в. (920 руб), а Мікалая Мікалаевіча пакараў адміністратыўным арыштам на тэрмін 12 сутак.
Зварот са скаргамі ў Брэсцкі абласны суд, а таксама да старшыні абласнога суда вынікаў не далі. Пастанова Баранавіцкага суда была пакінута бяз змен, а скарга -- без задавальнення.
Нязгодныя з пастановамі судоў першай і другой інстанцый, актывісты звярнуліся ў Камітэт па правам чалавека ААН у Жэневу. Актывісты ўпэўнены, што яны правы і вераць у сваю перамогу.
Баранавіцкія праваабаронцы і далей будуць аказваць ім неабходную дапамогу”.