03.05.2018 Грамадства
Суд па адвольным затрыманні блогера адкладзены на 8 траўня
3 траўня суддзя Брэсцкага абласнога суда Герасімук Ніна Аркадзеўна пачала разгляд скаргі берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна, які лічыць, што 23 сакавіка, напярэдадні масавага мерапрыемства супраць будовы акумулятарнага завода вядомае як “кармленне галубоў” ён быў адвольна затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Праз тры дні ў ізалятары часовага ўтрымання, суд Ленінскага раёна г.Брэста пакараў блогера 45 базавымі адзінкамі штрафа паводле арт. 23.4 КаАП “непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі”.
На пачатку пасяджэння блогер выказаў “недавер суду”, бо не давярае беларускаму суду агулам. Суддзя адвод не задаволіла.
Сяргей Пятрухін заявіў хадайніцтва выклікаць сведкамі 4 міліцыянты, што яго затрымлівалі. Гэтае хадайніцтва таксама было адхілена судом.
У сваёй скарзе Пятрухін просіў адмяніць рашэнне суда Ленінскага раёна г. Брэста ад 29 сакавіка.
Падчас пасяджэння Пятрухін падаў дадатковую скаргу, дзе падаў дадатковыя доказы таго, што ягонае затрыманне было адвольным, а суд ня быў свабодным і незаангажаваным.
“Гэта быў пераслед уладаў за маю грамазкую пазыцыю. Справа была сфабрыкаваная, каб супрадзеяць крытыцы пазіцыі ўладаў адносна акумулятарнага завода. Кіраўніцтва горада намагаецца заткнуць рты незалежным журналістам, якія асвятляюць праблему акумулятарнага завода, і выкарыстоўвае для гэтага адміністратыўны рэсурс, міліцыю”, - даводзіў суду блогер.
У дадатковай скарзе ён таксама просіць адмяніць рашэнне суда Ленінскага раёна г Брэста…
Суддзя паведаміла, што падставай да складання пратакола па арт23.4 КаАП быў пратакол па арт. 17.3 КаАП. Пастанова па апошнім артыкуле не набыла законную моц, а таму адклала пасяджэнне на 8 траўня на 9-30.
Праваабаронца Уладзімір Вялічкін лічыць, што блогера Пятрухіна затрымалі адвольна, каб не дапусціць ягонага ўдзелу у акцыіі супраць будовы акумулятарнага завода:
„Пятрухіна наўмысна трымалі за кратамі, каб утаймаваць інфармацыю аб будове шкоднагва для асяроддзя і здароў’я грамадзян завода АКБ.
Практыка адвольных, або "прэвентыўных" затрыманняў мае шматгадовую практыку на Берасцейшчыне. Грамадскіх актывістаў напярэдадні акцый апазыцыі часцяком затрымліваюць каб сарваць правядзенне мерапрыемства. Абылгуць і пасодзяць або аштрафуюць..."