12.05.2018 Грамадства
Падмена паняццяў
Судовы канвеер запрацаваў з новай сілай. Трое суддзяў Ленінскага раёна г. Брэста: Станіслаў Каліна, Аляксандр Семянчук і Дзмітрый Шурын сёння за дзьве з невялікім гадзіны з 14:10 да 17:00 папоўнілі казну на 120 базавых велічынь, наклаўшы адміністрацыйныя спагнанне ў выглядзе буйных штрафаў на актывістаў, якія збіралі подпісы у брэсцкага рынка ў нядзелю 6 мая.
Аляксандр Кабанаў аштрафаваны на 50 базавых велічынь (ч.3 арт 23.34 КаАП), Сяргей Петрухин (ч.3 арт 23.34 КаАП) таксама на 50, Дзмітрый Андрасюк - на 20 базавых (ч.1 арт 23.34 КаАП). Усіх траіх суддзі прызналі вінаватымі па арт. 23.34 КаАП РБ «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў».
Аказваецца, на думку суддзяў, банальны збор подпісаў - гэта ўжо масавае мерапрыемства, якое патрабуе спецыяльнага дазволу і ўзгаднення ўладаў. Пікантнасць сітуацыі ў тым, што подпісы збіраюць жыхары Брэстчыны, расчараваныя бяздзейнасцю менавіта гэтых мясцовых уладаў, якія папушчаюць незаконнаму будаўніцтву ў раёне вёскі Тэльмы небяспечнай вытворчасці - завода акумулятарных батарэй, што непазбежна пагоршыць экалагічную сітуацыю з адкідамі свінцу, надзвычай небяспечнымі для нашага здароўя.
Відавочная падмена паняццяў: каб дамагчыся звальнення мясцовых чыноўнікаў, якія страцілі давер мясцовага насельніцтва, шляхам збору подпісаў пад калектыўным зваротам да прэзідэнта за іх адстаўку, тыя ж чыноўнікі патрабуюць ад грамадзян, якім служаць, атрымаць у гэтых жа чыноўнікаў дазвол на збор подпісаў супраць саміх сябе! Абсурд, годны пяра Кафкі.