26.01.2018 Грамадства
“Улады проста жульнічаюць”
Актывісты горада Брэста масава збіраюць подпісы за прыпыненне будаўніцтва акумулятарнага завода. Па ўсяму Берасцю ў ключавых месцах валанцёры ініцыявалі гэта збіранне подпісаў, як адзін з этапаў дасягнення пастаўленай мэты, а дакладней, - адмену будаўніцтва акумулятарнага завода даччынай кампаніяй «Першай акумулятарнай кампаніі».

Пасля гэтага актывісты розных прафесій сабраліся і абмяркавалі далейшыя этапы дасягнення мэты. Бліжэйшы з намечаных этапаў - запатрабаваць справаздачы ў Савета Мясцовых Дэпутатаў аб праведзенай працы ў дачыненні да акумулятарнага завода. Такім чынам будзе рэалізавана права “аб мясцовым самакіраванні”. Рашэнне абласнога савета дэпутатаў здольна прыпыніць будаўніцтва завода, што дасць чыноўнікам шанец выйсці з спрэчнай сітуацыі, захаваўшы твар. А спрэчная сітуацыя сапраўды ёсць. Па выніках канферэнцыі і сходу ў Тельмах, высветлілася што многія юрыдычныя і арганізацыйныя пытанні былі фактычна невыкананы, дакументацыя выканана не ў поўным аб'ёме, грамадскіх слуханняў па факце не было, своечасова і эфектыўна аб слуханнях не паставілі ў вядомасць насельніцтва, былі выяўлены парушэнні і неадпаведнасці ў экалагічным заключэнні і шмат чаго яшчэ.
Таксама стала вядома, што, па стане на 25 студзеня 2018 сабрана больш за 25 тысяч подпісаў. Характэрны таксама выпадак, калі валанцёры не паспелі своечасова да прызначанага месца, а менавіта да рынку «Блакітны», і грамадзянін паехаў сам да ЦУМа для таго, каб падпісацца за прыпыненне будаўніцтва.
Былы прадпрымальнік, Вадзім Пятровіч, так каментуе сітуацыю: «Мая пазіцыя заключаецца ў тым, што пры грамадскім абмеркаванні гэтага праекта ў СЭЗ, улады проста жульнічаюць. Яны занялі пазіцыю шулераў і тлумачаць гэта тым, што там камунікацыі не трэба праводзіць. Але гэта шкодная вытворчасць, недалёка ад горада, там Булькава, заліў і месца адпачынку, мы з сям'ёй ездзілі адпачываць, рыбу лавіць. А тут раптам ні з таго ні з гэтага завод за кіламетр, ў небяспечнай блізкасці, і ад горада таксама. Я на Кавалёўцы жыву, і калі ветрам павее пры аварыі, то па-любому нас кране. Увесь сэнс у тым, што ва ўладаў аргументацыя такая, што яны будуюць там завод, таму што хочуць зэканоміць на падводзе камунікацый і інфраструктуры да гэтага заводу, там усё гатова. Улады ўвогуле нашы інтарэсы прадстаўляюць? Грамадскія абмеркаванні яны, скажам так, «змахлявалі», яны проста шулеры, яны зрабілі іх для «галачкі». Яны не пыталіся ў народа, трэба ім гэта ці не. Вядома, не трэба, я з кім ні казаў - усе супраць. Хоць нам і патрэбныя працоўныя месцы, падатковыя адлічэнні, але не такім коштам. Што мала месцаў у Беларусі, дзе сапраўды можна заводы будаваць».