05.02.2019 Грамадства
Ціск на незалежных журналістаў не спыняецца
4 лютага мела быць разгледжаная справа адмыслова падрыхтаваная Маскоўскім РАЎС г.Брэста супраць Яўгена Скрабца, журналіста “Радыё Рацыя”.

Журналіст кажа, што ў пратаколе было напісана пра з’яўленне на сайце Беларускага Радыё Рацыя інфармацыі з адной з выстаў, якая праходзіла ў Тэхнічным універсітэце пры падтрымцы Консульства Польшчы. Міліцыянт угледзеў у гэтым факт правапарушэння.
Справу разглядала суддзя Раіса Лабачэўская, яна адразу ж паведаміла, што пратакол трэба адпраўляць на дапрацоўку: “Каб прывесці пратакол у адпаведнасць з законадаўствам”.
Калі працягнецца разгляд справы журналіст Яўген Скрабец ня ведае.
Варта нагадаць, што гэта ня першы выпадак ціску на незалежных журналістаў берасцейшчыны ў гэтым годзе. 9 студзеня і 25 студзеня суддзя суда Ленінскага раёна г. Брэста Віктар Шурын разгледзеў справы берасцейскіх журналістаў-фрылансераў Міланы Харытонавай і Алеся Ляўчука. Самі журналісты на суд не пайшлі, але пазней даведалісь, што іх аштрафавалі па два разы па 50 базавых. Разам сума штрафаў склала 200 базавых...
У гэтым годзе міліцыянты склалі ўжо больш за семь пратаколаў супраць журналістаў-фрылансераў па ч. 2 артыкула 22.9 КаАП “Праца на замежныя СМІ без акрэдытацыі”. І надалей шукаюць падставы, каб зашкодзіць іх прафесійнай дзейнасці.