Тады Казака затрымалі, даставілі ў Ленінскі РАЎС г. Брэста, дзе намеснік начальніка райаддзела Мікалай Самасюк аштрафаваў грамадзкага актывіста на 20 базавых велічыняў паводле ч. 2 арт. 21.14 КоАП нібыта за “парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў”.
15 сакавіка Віталя Казака запрасілі ў апорны пункт на вул. Набярэжная. Ён пайшоў і выйшаў толькі праз 3 сутак у судзе...

Гэтым разам, за той сама эпізод з 11 сакавіка, актывісту закідваецца парушэнне арт. 17.1 КаАП “дробнае хуліганства”.
На пачатку судовага пасяджэння Віталь звярнуўся да суддзі: “Міліцыянеры падсунулі мне на подпіс пратакол, з якім не далі азнаеміцца. Копіі не далі, сказалі потым, у райаддзеле... Я не меў магчымасці сябе бараніць. Мне патрэбны адвакат. Трэба азнаёміцца з матэрыяламі справы...”
Суддзя задаволіў хадайніцтва і абвесціў перапынак да 14:10 25 сакавіка.

Пацярпелая, нехта Ларыса, дворнік ЖЭСа, у суд не з’явілась, але з’явіўся сведка, начальнік ЖЭС 2 Эдуард Пятровіч Пераходзкі. У прыватнай размове на калідоры ён абураўся паводзінамі Казака ўвечары 11 сакавіка, маўляў: “Я мусеў суцяшаць работніцу, яна плакала, у яе была гістэрыка...”

Па заканчэнні пасяджэння паміж прыцягваемым да адміністратыўнай адказнасці грамадзкім актывістам і начальнікам ЖЭСа адбыўся невялічкі дыялог ...
На думку правабаронцы Ўладзіміра Вялічкіна выпадак з Казаком, гэта відавочны прыклад адвольнага і незаконнага затрымання.
“Існуе верагоднасць паўторнага затрымання грамадзкага актывіста. Таму як 15 сакавіка на апорным пункце міліцыі ў Казака бралі 2 пратаколы-апытання. Па адным яго ўжо затрымалі і расправа наперадзе.
А другі, па падзеях 13 сакавіка, калі актывіст выклаў кветкамі са знічамі шлях, па якім фашысты вялі на растрэл жыхароў горада, габрэяў.
У міліцыі ёсць яшчэ адна падстава выклікаць грамадзкага актывіста на пастарунак ў пятніцу 22 сакавіка, для складання пратакола аб парушэнні гэтым разам арт. 23.34 КаАП “удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве”, і пратрымаць да суда ў панядзелак, каб яму і іншым адбіць жаданне “карміць галубоў” па нядзелях.
Таму не здзіўлюсь, калі Віталя Казака затрымаюць яшчэ раз і на Дзень Волі ў грамадзкага актывіста будзе 2 суды, а не адзін”, - выказаў меркаванне праваабаронца..