29.03.2019
Сутнасць уменяемага правапарушэння не адпавядае зместу артыкула
У судзе Ленінскага раёна г. Брэста суддзя Ала Аляксееўна Вінаградава разгледзела справу журналіста Радые Рацыя Яўгена Скрабца.
Нагадаем, 15 сакавіка журналіста-фрылансера Яўгена Скрабца выклікалі ў апорны пункт міліцыі, дзе на яго склалі пратакол правапарушэння ч.1 арт. 22.9 КаАП

за тое, што ён “20.02.2019 каля 11-00 ... калі знаходзіўся ў будынку УК “Брэсцкі абласны краязнаўчы музей” ... фактычна выконваў ... функцыі журналіста замежнага сродка масавай інфармацыі без акрэдытацыі ... злаўжыў правамі і парушыў абавязкі журналіста ..., а менавіта інтэрвюаваў гр-на Башкова Аляксандра Аляксандравіча, а потым падрыхтаваў артыкул пад назовам “Берасцейцам прадставілі адзін з сімвалаў горада”, якая была размешчана на інтэрнет-сайце “www.racyja.com”...”.
Суддзя пастанавіла вярнуць справу для належнага афармлення, бо сутнасць не адпавядае дыспазыцыі артыкула.
Частка 1 арт. 22.9 КаАП гучыць “Парушэнне заканадаўства аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі, якое выявілась ва ўшчамленні свабоды сродкаў масавай інфармацыі або злоўжыванні свабодай сродкаў масавай інфармацыі...”
Яўген Скрабец лічыць, што яго пацягнулі ў суд не для таго, каб пакараць, а каб людзі да якіх ён звяртаецца па інтэрв’ю перасталі з ім камунікавацца.
“Паглядзіце ў суд выклікалі сведкаў, людзей якія могуць шмат расказаць аб гісторыі Берасця. Гэта каб яны паглядзелі на мяне ў судзе і зрабілі высновы, ці варта са мной размаўляць у будучыні”, - выказаў сваё меркаванне журналіст.