19.02.2018 Грамадства
70% берасцейцаў маючых права голаса не давяраюць уладам
19 лютага ў Брэсцкім гарвыканкаме адбылося пасяджэнне Брэсцкай гарацкой камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў.
Начальнік аддзела па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Ірына Мокат, яна ж старшыня камісіі, абвесціла павестку дня: “Аб устанаўленні ітогаў выбараў”.
Прысутныя кандыдаты Маслоўскі, Лазарэнкаў, Канюс, Турчаняк, Петрусевіч і Шубіч падалі на разгляд камісіі заявы аб несапраўднасці выбараў па іх акругах.
Начальнік юрыдычнага аддзела гарвыканкама
Наталля Янголенка, яна ж член камісіі, унесла прапанову не адхіляцца ад павесткі дня, устанавіць вынікі выбараў, а скаргі разгледзець пазней, для чаго камісія адмыслова збярэцца.
Прапанова была адзінагалосна падтрымана членамі камісіі.
Каб пацешыць абураных кандыдатаў, старшыня камісіі адзначыла іх высокую актыўнасць, а таксама некаторых арганізацый падчас агітацыйнага перыяду. З намёкам на “празрыстасць” выбараў старшыня паведаміла, што падчас выбараў выкарыстоўвалася ажно 37 празрыстых скрынь, назірала ажно 1000 назіральнікаў, а ў галасаванні прынялі ўдзел больш за 66% выбаршчыкаў! То бок выбары адбыліся.
Праваабаронца Ўладзімір Вялічкін, які назіраў за выбарамі і прысутнічаў на пасяджэнні, падзяліўся ўражаннямі:
“Падчас агучвання вынікаў па акругах рэзанулі слых лічбы па “пераможных” кандыдатах, агулам 60% +/- 5% на кожнага па акрузе – ненатуральна выглядае, нібыта нехта срэжысаваў такі вынік.
Па-другое, ня толькі я, але і іншыя назіральнікі і кандыдаты заўважылі незразумелыя маніпуляцыі з колькасцю выбаршчыкаў на акругах і колькасцю прыйшоўшых на галасаванне. Я асабістага нейкага ажыятажа на вучастку не бачыў, хутчэй пустэча, За 5 гадзін чалавек 20 прыйшло. Я ня веру ў лічбу 66%, каля 50 на маім вучастку і ў цэлым па горадзе.
Але я звярну увагу на больш істотны момант. 50% выбаршчыкаў не пайшло галасаваць. Яшчэ 20%, калі верыць інфармацыі агучанай камісііяй, прагаласавалі супраць усіх! То бок 70% берасцейцаў маючых права голаса ня вераць у выбары, іх вынікі, Саветам дэпутатаў і выканкаму. Я на ўласныя вочы бачыў надпіс на несапраўдным бюлетэні “Я протів всех, потому что депутатов назначает власть”.
Гэтыя 70% ня згодныя з палітыкай уладаў. Улады павінны зрабіць высновы, бо можа прарваць. Што будзе штуршком, акумулятарны завод ці падаражанне хлеба невядома…”