21.02.2018 Грамадства
“Нават за німцямі рідну мову вывчалы…”
21 лютага увесь сьвет адзначае Міжнародны дзедь роднай мовы ў памяць аб 5 студэнтах з Бангладэш, якіх забілі падчас дэманстрацыі, на якой патрабавалі надаць Бангладэшскай мове афіцыйны статус.
Напярэдадні, цалкам нечакана, з гэтае нагоды мяне запрасілі расказаць аб стане беларускай мовы ў Беларусі вучням
польскай школы.
Польскія дзеці даведаліся, што ў Беларусі 2 дзяржаўныя мовы, расейская і беларуская, што толькі 13% беларускіх школьнікаў навучаецца на роднай мове, рэшта ходзіць да школ з расейскай мовай навучання і чаму так сталася. Даведаліся, што ў трохсоттысячным горадзе Брэсце намаганнямі бацькоў існуе толькі адзін беларускі клас ў які ходзяць некалькі дзетак.
Настаўнікі былі ў шоку, ніхто не мог прыняць той факт, што ў Беларусі амаль няма беларускіх школ.
Для дзяцей гэта было добрым урокам, бо яны зразумелі, што “…ім пашанцавала, што іхнія продкі клапаціліся аб польскасці. Нягледзячы на 123 гады рабства - русіфікацыі і германізацыі, нягледзячы на шмат гадоў вайны, падчас якой польскія навукоўцы, прафесара і афіцэры былі дэпартаваныя ў Сібір або расстраляныя - яны могуць вучыцца і працаваць у свабоднай краіне, штодня размаўляць па польску ў школах , офісах, грамадскіх месцах і не павінны баяцца пераследу, з гэтай нагоды”, - аб гэтым я прачытаў на сайце гэтай школы.
У майго сына ў школе Дзень Роднай мовы не абыходзілі, неафіцыйна даведаўся, што настаўнікі стомленыя дадатковымі абавязкамі па арганізацыі і правядзенні мясцовых выбараў фізічнам не былі ў стане годна арганізаваць міжнароднае сьвята.
Успомніўся выпадак, калі адна сталая жанчына з Вычулак, якую я падвозіў да сельсавета, гаварыла са мной мясцовай гаворкай. Я на той сама адгукнуўся да яе, а яна з горыччу: “Нават за німцямі рідну мову вывчалы, а зараз праз гэта “дурай” называють!”
Уладзімір Вялічкін,
бацька вучня, які навучаецца ў беларускім класе