09.09.2019
Людміле Сцепурэнка забараняюць наведаваць участак па адлове і ўтрыманні сабак
Суд Маскоўскага раёна Берасця не задаволіў пазоў валанцёркі Людмілы Сцепурэнка аб зняцці забароны кіраўніцтва смеццепераапрацоўчага завода на наведванне ўчастка па адлове і ўтрыманні сабак.
Людміла Сцепурэнка
Валанцёрка часта прывозіла корм і лекі, дапамагала даглядаць сабак. І ўсё было добра, пакуль яна не заўважыла злоўжыванні на ўчастку, жорсткія адносіны да сабак і стала з гэтым ваяваць, кажа Людміла Сцепурэнка: – На дадзены момант там адбываецца поўнае бязмежжа, крадзеж. І такім чынам яны спрабуюць проста схаваць злачынствы, якія яны там учыняюць.
Суддзя Андрэй Грушко
Паводле праваабаронцы Рамана Кісляка, правы Сцепурэнка адназначна парушаны. Суддзя Андрэй Грушко вынес незаконнае рашэнне: – Пытанне пра якасць працы гэтага ўчастка, то бок бачна, што ёсць парушэнні. Валанцёры павінны мець магчымасць там прысутнічаць і дапамагаць. І гэта была адна з задач пры ўтварэнні гэтага прытулку, каб людзі маглі такім чынам аказваць дапамогу бяздомным жывёлам. Рашэнне суда Маскоўскага раёна Берасця будзе аспрэчана ў абласным судзе.