Пачну расповяд пра свайго сябра Вячаслава Сырыцу са Снова, Нясвіжскага раёна, ветэрана працы, кіроўцы-экспедытара, “Ганаровага Работніка” СПК «Агракамбінат «Сноў», сябра “Праўлення”, чалавека неардынарнага, які аддаў усяго сябе працы і не меў ніколі нават заўвагі, толькі падзякі, які заўсёды на працу прыходзіў задоўга да пачатку і вяртаўся позна, як распавядала яго жонка. Ён 48 гадоў аддаў служэнню свайму агракамбінату ад самага пачатку яго стварэння.
У 1966 годзе з 15-ці гадоў ён пачаў падчас канікулаў працаваць паляводам у сваім калгасе імя Калініна (які пазней з 1994 года стаў агракамбінатам), закончыў Уздзенскае ПТУ, затым пасля войска працаваў на розных працах: 24 гады трактарыстам, 3 гады кавалём і 22 гады шафёрам. У яго працоўнай кніжцы за 1979 год значацца 352 працадні, за 81 год- 353, за 99 год-345 і г.д. (пры норме-250). Яго любіў і паважаў першы кіраўнік, герой сацыялістычнай працы Якаў Васільевіч Аляксанкін. За бездакорную працу ў 1980 годзе Вячаславу Сырыцу быў прысвоены ордэн Працоўнай Славы 3-й ступені. Таксама яго любіў і паважаў герой Беларусі Міхаіл Аляксандравіч Карчміт, пры якім Сырыцы было прысвоена званне “Заслужаны работнік”. Ды і новы кіраўнік Мікалай Радаман добра да яго ставіўся, казаў: ты мне быў як брат, як друг, ты быў лепшы з лепшых.
Але раптам усё змянілася, калі прыборы машыны ў адной з паездак па Беларусі зафіксавалі перарасход паліва. Машына старая, падчас паездкі адбылося працяканне паліва, якое ён сваімі сіламі спрабаваў ліквідаваць. Ды тут бы кіраўніку разабрацца ў чым прычына, вызваць да сябе Сырыцу, распытаць, але зроблена нахабна: на раніцу наступнага пасля гэтай паездкі дня, без разгляду справы, без разбору выносіцца на пасяджэнні Праўлення нечаканы “прысуд” кіраўніка Мікалая Радамана: “скраў каля пяці літраў паліва” і за гэта з Сырыцы здымаецца званне “Ганаровы работнік”, ён выключаецца з сябраў “Праўлення” і караецца накладаннем дысцыплінарнага пакарання і лішэннем прэміі за тры месяцы працы! На пасяджэнні Праўлення адзін з яе сябраў прасіў не караць Сырыцу не разабраўшыся, ён заслужыў ордэн Працоўнай Славы! На што Радаман адказаў: “не таму далі”. Ці можна так паступаць з чалавекам не выслухаўшы яго? Лічу – не! Сырыца маральна быў знішчаны, ён не мог у гэтае нахабства паверыць.
Пасля быў суд Нясвіжскага раёна па скарзе Вячаслава Сырыцы. Вось Рашэнне суддзі Нясвіжскага суда Вольгі Крупец:
“Прызнаць несапраўдным рашэнне праўлення СПК “АК Сноў” ад 14 красавіка 2018 года № 4 у часцы прыцягнення Сырыцы Вячаслава Антонавіча да дысцыплінарнай адказнасці ў выглядзе вымовы, лішэння 100% прэміяльных выплат за красавік, май, чэрвень 2018 года, вывядзення са складу праўлення кааператыва і лішэння звання “Ганаровы работнік”.
Адмяніць наложаннае на Сырыцу В.А. рашэннем праўлення СПК “АК Сноў” ад 14 красавіка 2018 года № 4 дысцыплінарнае спагнанне ў выглядзе вымовы.
Спагнаць з СПК “АК Сноў” на карысць Сырыцы В.А. прэміяльныя выплаты за красавік 2018 года у памеры 214, 03 рублей, за май 2018 года – 47,08 рублей, за чэрвень 2018 года -- 360, 06 рублей.
Спагнаць з СПК “АК Сноў” дзяржаўную пошліну ў даход дзяржавы ў суме 73 рубля 50 капеек.”
Рашэнне суда не было абскарджана і не апратэставана і ўступіла ў законную сілу 24 жніўня 2018 года. Аб гэтым мы неаднаразова размяшчалі інфармацыю на сайце Салідарнасці, Радыё Рацыя, ПЦ Вясна і інш.
А зараз аб чалавеку з “крыллямі анёла”, якому ўсё можна і ўсё даступна
Вось тут бы кіраўніку агракамбіната “Сноў” Мікалаю Радаману добра падумаць, вызваць Сырыцу, паразмаўляць з ім, распытаць, разабрацца, магчыма папрасіць прабачэння за тое, што з гарачнасцю прыняў рашэнне аб яго пакаранні і справа была б вырашана. Але ж не. Не знайшоў спадар Радаман у сябе сілы на гэты ўчынак. І хаця прайшоў немалы тэрмін, але з дапамогай Нясвіжскай міліцыі, а пасля з надта сумніўнай у юрыдычным плане “дапамогай” Мінскага пракурора дабіўся свайго: спачатку быў пратэст Мінскага пракурора, затым новы суд у Нясвіжы з новым суддзёй і як можна дагадацца – і адпаведна процілеглае рашэнне. І тут патрэбна ж дабавіць, што Мікалай Радаман не просты кіраўнік, але ж ён сябра “Савета Рэспублікі”, лічы, чалавек з “крыллямі анёла”, якому ўсё можна і ўсё даступна. Быў бы суд незалежны, вядома, было б іншае рашэнне суда.
Але змаганне Радамана з рабочым Сырыцай з-за двух даляраў і на гэтым не скончана. Яго нахабна звольнілі (нягледзячы на недахоп кіроўцаў-экспедытараў), застаўляючы падпісаць кантракт, як бы са змененымі ўмовамі працы, а Сырыца яго не падпісаў, бо ніякіх зменаў на самай справе не ўносілася.
І па гэтай справе Нясвіжскі суд прыняў бок агракамбіната, а не Вячаслава Сырыцы. Патрэбна асобна сказаць аб чэснасці Пракурора Нясвіжскага раёна, малодшага саветніка юстыцыі сп. А. Алісевіча: ён падаў апеляцыйны пратэст у судовую калегію па грамадзянскім справам Мінскага абласнога суда па гэтай справе Сырыцы і прасіў рашэнне суда Нясвіжскага раёна ад 24 жніўня 2019 года па грамадзянскай справе па іску Вячаслава Сырыцы да “Агракамбіната Сноў” аб узнаўленні на працы на ранейшым месцы з ранейшымі ўмовамі працы і спагнанні сярэдняга заробку за час вымушанага прагула адмяніць і вынесці новае рашэнне… Але ні да пракурора Нясвіжскага раёна, ні да Вячаслава Сырыцы Мінскі абласны суд не паслухаўся і звальненне Сырыцы палічылі законным.
А самае цікавае пайшло далей. Пры звальненні Сырыца пачаў разбірацца з аплатай працы і як аказалася, яму за цэлы 2018 год ня выплацілі грошы за пераработку. А гэта сума не двух даляраў (столькі каштавала пяць літраў пралітага паліва, з-за якога яго пакаралі), а вялікая сума: 2 717,47 рублёў (прыкладна 1358 $). І гэта толькі за адзін год! Сырыца падаў скаргу ў Нясвіжскі суд, суддзя якога Д.А.Гвозд 16.05.2019 года прымае наступнае рашэнне: “У задавальненні іскавых патрабаванняў Сырыцы Вячаслава да сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Агракамбінат Сноў” аб спагнанні належных яму выплат за работу ў звышурочны час адмовіць”! Пазней, у матывіровачнай часцы рашэння будзе удакладнена, што адмоўлена з-за таго, што прайшоў тэрмін для звяртання ў суд за разрашэннем працоўных спораў. Але ж гэта лухта, бо тэрмін ня быў прапушчаны. У гэты ж дзень той жа суддзя Гвозд прыняў “прыватнае вызначэнне” і накіраваў яго старшыні праўлення “Агракамбіната Сноў” для прыняцця мер і выпраўлення ўказаных судом недахопаў:
“…З паказанняў прадстаўнікоў адказчыка Ярчынскай Т.А. і Шабана В.А. а таксама з разліку, састаўленнага бухгалтарам СПК “АК Сноў”, вызначана, што за студзень-лістапад 2018 года адпрацаваны ісцом Сырыцай Вячаславам звышурочны час склаў 485 гадзін;
Штомесячная даплата за работу ў звышурочны час за ўказаны перыяд (студзень-лістапад 2018 года) нанімацелем выканана не была, што супярэчыць палажэнням ч.1 арт.69 Працоўнага Кодэкса”!!!!
Аб ролі суддзяў
Вось у гэтым “прыватным вызначэнні” суддзя Гвозд Д.А. прызнае, што “СПК Сноў” парушыў Працоўны Кодэкс!!! Але чаму ж у адпаведнасці з Законам не прызнаў судом яго ў гэтым вінаватым і адмовіў сп. Сырыцы Вячаславу ў іску?
12.06.2019 года Вячаслаў Сырыца падаў апеляцыйную скаргу ў судовую калегію па грамадзянскіх справах мінскага абласнога суда і прасіў адмяніць рашэнне суда Нясвіжскага раёна, Мінскай вобласці ад 16.05.2019 года па сваёй грамадзянскай справе па іску і прасіў прыняць новае рашэнне па сутнасці заяўленных патрабаванняў.
І ў гэтай справе патрэбна яшчэ раз асобна сказаць аб чэснасці Пракурора Нясвіжскага раёна, малодшага саветніка юстыцыі сп. А. Алісевіча: ён ізноў не пагадзіўся з Нясвіжскім судом і падаў 11.06.2019 года апеляцыйны пратэст у судовую калегію па грамадзянскім справам Мінскага абласнога суда па гэтай справе Сырыцы і прасіў рашэнне суда Нясвіжскага раёна ад 16 мая 2019 года па грамадзянскай справе па іску Вячаслава Сырыцы да “Агракамбіната Сноў” аб спагнанні належных яму выплат за працу ў звышурочны час з-за неабаснаванасці рашэння і прасіў накіраваць справу на новы разгляд у той жа суд другому суддзі.
Вынік: Мінскі абласны суд 05 жніўня 2019 года не задаволіў іскі ні Вячаслава Сырыцы, ні пракурора Алісевіча!!!
Зараз рыхтуецца апеляцыйная скарга Вячаслава Сырыцы Генеральнаму Пракурору РБ і ў судовую калегію па грамадзянскім справам Мінскага абласнога суда на рашэнне суда Нясвіжскага раёна ад 23 жніўня 2019 года.
З апеляцыйнай скаргі Вячаславаа Сырыцы Генеральнаму Пракурору Рэспублікі Беларусь і ў Менскі абласны суд: “Намі праглядваецца карупцыйны складнік з боку старшыні СПК “Агракамбінат Сноў” сп. Радамана Мікалая Вячаслававіча (Сябра Савета Рэспублікі), які павінен быў не толькі выплаціць работнікам кампенсацыі за адпрацаваны звышурочны час, але выплаціць грашовыя сродкі ў бюджэт, ФСЗН ад гэтых сумаў кампенсацый за адпрацаваны звышурочны час. Адпаведна, ўхіляючыся ад сацыяльных абавязкаў перад дзяржаваю (а гэта дзяржава недаатрымоўвае мільёны даляраў ЗША) СПК “АК Сноў у асобе Радамана Мікалая штучна павялічвае прыбытак (паколькі іншыя прадпрыемствы плоцяць работнікам чэсна і па ЗАКОНУ) і пры гэтым пазіцыяніруе сябе як паспяховае прадпрыемства і з паспяховым упраўленцам.
Паколькі праглядваюцца прыкметы злачынства, а Сябра Савета Рэспублікі Радаман Мікалай, пакуль яшчэ мае “дэпутацкі імунітэт” да выбараў 17.11.2019 года, з-за гэтага Суд Нясвіжскага раёна патрэбным чынам на гэта не рэагуе, то мы прапануем Мінскаму абласному суду, - паведаміць аб гэтым Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь (ці іншаму пракурору патрэбнага ўзроўню) прыватным вызначэннем (ч.2 арт.325 ГПК РБ).
Хачу адзначыць, што ў мяне маецца пераработка за перыяд студзень-лістапад 2018 года, якая наймальнікам не была аплачана, а гэта выплаты за адпрацаваны звышурочны 2018 год час складаюць суму – 2569, 93 рублей, а адлічэнні ў ФСЗН па ім 35% складаюць каля 900 рублёў, а гэта сума эквівалентная каля 500 даляраў ЗША, калі памножыць яе хаця б на 10 гадоў, то сума недаплачаных у бюджэт грашовых сродкаў, толькі з аднаго работніка каля 5 000 (Пяць тысяч) даляраў ЗША, а на прадпрыемстве працуе каля 2 500 (Две тысячы пяцьсот) работнікаў, а гэта сур’ёзнейшае парушэнне!”
Ужо па справе Вячаслава Сырыцы адбылося больш чым 25 судовых пасяджэнняў, задзейнічана міліцыя, раённая і абласная пракуратура і г.д. Мікалай Радаман не даверыў весці справы ў судах сваім юрыстам (а іх там некалькі) і наняў адваката з калегіі Мінскай абласной калегіі адвакатаў, якой адпаведна ўжо выплачана з кішэні агракамбіната (не са сваёй жа кішэні?) немалыя грошы, магчыма выплачана і яшчэ каму… А справа працягваецца ўжо з 13 красавіка 2018 года (амаль паўтара гады) і канца ёй не відаць. І за гэты час судовая сістэма “паказала сваю працу”. Можна зрабіць выснову, што першапачаткова (без ціску на яе) было прынята рашэнне ў адпаведнасці з Законам, а далей… Законнасці прытрымліваецца і пракурор Нясвіжскага раёна, малодшы саветнік юстыцыі сп. А.Алісевіч. А чым вышэй суды – тым большы уціск на суды, а магчыма і подкуп, і вынік відавочны.
Гэтае простае капеечнае пытанне яскрава высвеціла судовую сістэму Беларусі, якую даўно патрэбна мяняць, як і многае іншае.
Застаецца вялікае пытанне, чаму не прымаюцца меры супраць кіраўніка аргакамбіната Мікалая Радамана за такія грубейшыя фінансавыя недахопы?
Сырыцу недаплацілі за адзін год у пераводзе на долары 1358 $, а за астатнія гады? А астатнім работнікам? А такіх кіроўцаў-экспедытараў у агракамбінаце многа. Чаму не праводзяцца фінансавыя праверкі, ці яны праводзяцца фармальна?
Ці тут мае месца нешта іншае? Ці карупцыя не толькі ў медыцынскай сферы, а ўжо і ў судовай і ў самым цэнтры пад бокам у Гаранта Канстытуцыі, які магчыма пра гэта і не ведае.
А калі гэта не карупцыя, дык што гэта?
Праваабаронца з Баранавічаў
Сяргей Гоўша