18.01.2018 Грамадства
Участковыя выбарчыя камісіі створаны з прадстаўнікоў аднаго кандыдата – кандыдата ад улады, лічыць баранавіцкі назіральнік
Жыхар г.Баранавичы, Гоўша Сяргей Канстанцінавіч, пенсіянер і назіральнік за выбарамі ў Баранавіцкай раённай ТВК, ужо каторы год звяртаецца з заявамі да мясцовых уладаў, каб гарвыканкамамі друкаваліся поўныя спісы (з указаннем месца працы і пасады) сябраў тэрытарыяльных і ўчастковых камісій.

У Цэнтральную Выбарчую Камісію Рэспублікі Беларусь па выбарам і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Сяргей Гоўша звярнуўся і на гэты раз.
“Немагчымасць даведацца пра месца працы сябраў камісій супярэчыць прынцыпам адкрытасці і галоснасці правядзення выбараў, а таксама не дае магчымасці вызначыць, ці выконваецца патрабаванне Выбарчага кодэкса, згодна з якім дзяржаўныя служачыя не могуць складаць больш за адну траціну складу камісіі”, – адзначае ў заяве пенсіянер. Несправядлівасць яшчэ і тым, што ўчастковыя выбарчыя камісіі складзены з аднаго працоўнага калектыву. Зразумела, што падначаленыя не будуць супраць рашэння кіраўніка.
“Калі недасведчаны чалавек паглядзіць надрукаваны ў прэсе склад камісій, дзе надрукаваны толькі прозвішчы, імя, імя па-бацьку і кім вылучаны (а вылучаны яны рознымі шляхамі і ад розных арганізацый) дык падумае, што гэта сапраўды сябры камісій з розных грамадскіх арганізацый. Але гэта падман і мы гэта ведаем і распавядаем у незалежнай прэсе і на розных сайтах”, – тлумачыць С.Гоўша. – “У выніку атрымліваецца, што ўчастковыя выбарчыя камісіі створаны ўладай з прадстаўнікоў аднаго кандыдата – кандыдата ад улады. На што тады разлічваць астатнім? І няважна, якая колькасць іх будзе, у іх ніколі не будзе надзеі быць абранымі законным чынам пры такім раскладзе”.
Сваю заяву Гоўша заканчвае пытаннямі: “Ці можна гэтыя і ранейшыя выбары называць справядлівымі? Пра якія чэсныя выбары можа ісці гаворка, пра якое выкананне Выбарчага кодэкса?”