16.03.2018 Грамадства
Пракуратура замыльвае вочы, бо што да акумулятарнага завода - маўчыць
“Органы пракуратуры Брэсцкай вобласці ў 2017 годзе падалі ў суды 123 іскавых заявы за парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства.
Праца па кампенсацыі нанесенай прыродзе шкоды вядзецца на пастаяннай аснове.
У мінулым годзе агульная сума іскаў, заяўленых пракурорамі ў гэтай сферы, склала каля Br129,5 тыс. Найбольш часта выяўляліся парушэнні, звязаныя з забруджваннем тэрыторыі, незаконныя парубкі драўніны, здабычай карысных выкапняў, паляваннем, перамяшчэннем або разделкой дзікіх жывёл,
Пракуратура Столінскага раёна падчас адной з праверак ўстанавіла факт забруджвання двух кварталаў лесу, прычынай якога стала парушэнне правілаў эксплуатацыі ачышчальных збудаванняў каналізацыі. Вінаватае службовая асоба мясцовага ЖКГ прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці. Па пазове пракурора з яго таксама спагнана Br294 шкоды”, - перапошчвае Віртуальны Брэст.
Пасля такіх навін у берасцейцаў узнялося мноства пытанняў. Так, у каментарах людзі прывялі прыклады экалагічных парушэнняў, якія засталіся незаўважанымі, напрыклад высечка дрэў у Жабінцы, забруджванне ракі Мухавец, парушэнне падземных вод гэтай жа ракі будаўніцтвам вяслярнага канала, высечка прыбярэжнай расліннасці, незаконнае складаванне адходаў на тэрыторыі ДСУ32, адкіды, якія былі вывезены з Белаазёрскага завода спадара Лемяшэўскага, адкіды, якія «ўтылізаваў»такім дзіўным чынам прадпрымальнік з Бярозы. Паводле папярэдняй ацэнкі, там знаходзіцца 70 тон адходаў небяспечнай вытворчасці, якія засталіся пасля пераапрацоўкі акумулятараў.
І тым больш цынічным здаецца стаўленне ўладаў да нашумелага будаўніцтву акумулятарнага завода ў 4 км ад Брэста вышэйзгаданага спадара Лемяшэўскага. Бо там мноства экалагічных і прававых парушэнняў у дакументацыі, а загадваюць ім людзі, неаднаразова скампраметаваць сябе ў забруджванні навакольнага асяроддзя. А гэта парушае арт. 46 Канстытуцыі РБ.
Такім чынам можна зрабіць выснову, што ўлада якую выбраў народ, не займаецца аховай законных правоў і свабод грамадзян, што супярэчыць арт. 2 Канстытуцыі.
Нагадаем, 15 сакавіка - дзень Канстытуцыі. Канстытуцыя - асноўны закон краіны, які мае вышэйшую юрыдычную сілу, гарантам Канстытуцыі з'яўляецца прэзідэнт.