19.03.2018 Грамадства
У Брэсце забаранілі мітынг 18 сакавіка супраць будаўніцтва акумулятарнага завода
Улады Брэста забаранілі заяўлены на 18 сакавіка мітынг супраць незаконнага будаўніцтва акумулятарнага завода. «Ідэя правядзення мітынгу паўстала 11 сакавіка на плошчы Леніна, калі там у чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Менш чым за паўгадзіны пад заявай на мерапрыемства падпісаліся 85 чалавек», – паведаміў БелаПАН член ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва заводу Фёдар Петрусевіч. Паводле яго слоў, 12 Тращня ён занёс у Брэсцкі гарвыканкам калектыўную заяўку на чатырохгадзінны мітынг 18 сакавіка на плошчы Леніна. Меркаващся ўдзел у мітынгу да 500 чалавек.
«Сёння раніцай я патэлефанаваў у гарвыканкам. Там сказалі, мне дашлюць адказ, што мітынг не дазволілі. Як я зразумеў з размовы, на падставе невыканання тэрміну падачы заяўкі на дадзенае мерапрыемства, – адзначыў Петрусевіч. – Улады знайшлі фармальную прычыну забароны мітынгу. Але праўда, я лічу, у тым, каб не дапусціць публічных масавых акцый пратэсту супраць гэтага завода».
15 сакавіка ў Брэсцкі гарвыканкам пададзена яшчэ адна заяўка на правядзенне 31 сакавіка ў цэнтры горада мітынгу супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Планаваная колькасць удзельнікаў – 500 чалавек. Заяўнікам дадзенага мерапрыемства выступіла група берасцейцаў, у тым ліку праваабаронца Раман Кісляк. «На жаль, улады не змаглі аператыўна разабрацца ў сітуацыі з акумулятарным заводам. Прайшло ўжо два месяцы з сустрэчы ў Доме культуры ў вёсцы Тэльмы Брэсцкага раёна, а рыторыка чыноўнікаў засталася ранейшай: вывучым вашыя пытанні і адкажам. Людзі стаміліся ад гэтых абяцанняў, – сказаў праваабаронца. – Мы не хочам жыць побач з небяспечным прадпрыемствам. Зараз пытанне ўжо стаіць так: альбо мы, альбо гэты завод. І так як з'язджаць мы не збіраемся, сысці павінен завод свінцовых батарэй».