20.03.2018 Грамадства
Святкаванні 100 - годдзя БНР на Берасцейшчыне
Кобрын
“Пасля доўгіх перамоў з чыноўнікамі Кобрынскага выканаўчага камітэта дасягнута пагадненне аб правядзенні пікета прысвечанага 100-годдзю БНР 25 сакавіка 2018 г. у цэнтры горада.
Месца правядзення: адкрытая пляцоўка перад галоўным уваходам Кобрынскага Палаца культуры, які знаходзіцца па адрасе: г. Кобрын, вуліца Леніна, 4.
Дата правядзення: 25 сакавіка 2018г.
Час правядзення мерапрыемства: з 11.00 да 15.00
Жыве БНР! Жыве Беларусь!
Паведамляе ў фэсбук грамадзкі актывіст з Кобрына Алесь Мех.
Берасце
У гэты сама дзень грамадзянская супольнасць Берасця рыхтуе масавую акцыю - святочны вулічны фестываль прысвечаны “100 год БНР”
Аргкамітэт рыхтуе на Дзень Волі, 25 сакавіка мітынг і вулічны фестываль у цэнтры Берасця з канцэртам, пляцоўкамі рамеснікаў, майстар-класамі.
У арганізацыйны камітэт па яго правядзенні аб’ядналіся больш дзесятка суб’ектаў: структуры палітычных партый, грамадскія арганізацыі, валанцёрскія ініцыятывы і мясцовыя бізнэсоўцы.
Заяўка, якую падаў кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі ад імя аргкамітэта ў Берасцейскі гарвыканкам, была задаволена. Улады не толькі далі дазвол на мерапрыемства, але таксама не забаранілі выкарыстоўваць сімволіку, звязаную з гісторыяй свята, а гэта, між іншым, бел-чырвона-белыя сцягі.
Аргкамітэт плануе зрабіць мерапрыемства цікавай і запамінальнай падзеяй для берасцейцаў. Арганізацыйны камітэт рыхтуе праграму мерапрыемства і заклікае усіх, хто лічыць гэты дзень святочным, далучацца да яго арганізацыі. Можна стаць валанцёрам і атрымаць досвед арганізацыйнай працы. Можна ахвяраваць невялікія сумы на выраб фестывальнай сімволікі. А калі вы ўладальнік беларускага бізнэса – можна прэзентаваць сваю фірму на адной з крэатыўных пляцовак фестываля.
“Гэтым разам улады акрамя таго, што ўзялі на сябе ўсе абавязкі, звязаныя з аховай правапарадку, з медычнай дапамогай, з прыборкай тэрыторыі, акрамя гэтага гарадскія ўлады прадаставяць гукаўзмацняльную апаратуру, прадаставяць магчымасць выкарыстаць электрычнасць на месцы правядзення фестывалю, таксама забяспечаць наш фестываль неабходным абсталяваннем – намётамі, сталамі для фестывальных зон актыўнасці. Святкаванне пачнецца ў Берасці 25 сакавіка а 12-й гадзіне на плошчы Свабоды. У сацыяльных сетках можна знайсці праграму мерапрыемства.
Усе арганізацыйныя дэталі ў бліжэйшыя дні мы будзем публікаваць у сацыяльных сетках з хэштэгам #БНР100”, - сказаў у інтэрв’ю “Радыё Рацыя” Дзмітрый Шыманскі.
Даведка:
25 сакавіка 1918г. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю Устаўную грамату, абвясціўшы Беларусь “незалежнай і вольнай дзяржавай”. Тым самым было пацверджана шматвекавое імкненне беларускага народа будаваць уласную дзяржаву. Нельга пераацаніць значэнне гэтай падзеі для фармавання беларускай дзяржаўнасці ў 20-м стагоддзі.
Сёлета мы адзначаем 100-годдзе гэтай падзеі, аддаючы даніну павагі людзям, дзякуючы руплівай працы якіх мы сёння маем гонар жыць у сваёй дзяржаве – Рэспубліцы Беларусь.