13.12.2016 Грамадства
У Брэсце па інвестдамове ідзе перабудова гістарычнага цэнтра горада
Старыя аднапавярховыя дамы па вул. Астроўскага, №№ 2, 4, 6, 8 і вул. 17 Верасня, № 26 (ён быў у дзяржспiсе гісторыка-культурных каштоўнасцей) і № 28 у гістарычным цэнтры Берасця ўжо не існуюць і засталіся толькі на фотаздымках, зробленых незадоўга да іх ліквідацыі.
Так два гады таму ў двары жылых дамоў, з якіх выселілі жыхароў, пачаліся падрыхтоўчыя работы, або так званая «вертыкальная планіроўка»...
Летам 2014 года бульдозер з каўшом, які належаў інвестару-забудоўшчыку – ТАА «Эледі-Груп», пачаў, у двары старых аднапавярховых дамоў №№ 4, 6 і 8 па вуліцы Астроўскага, адзін за адным выкалупваць з зямлі і складаць у купу жалезабетонныя блокі. Гэта былі рэшткі падмуркаў былых гаспадарчых пабудоў жыхароў, якіх перад гэтым загадзя адсюль выселілі.
Гэты зямельны ўчастак у гістарычным цэнтры Брэста мясцовыя старажылы ахрысцілі нешчаслівым. Чаму? Калісцi права на яго забудову на аўкцыёне або па конкурсе выкупіў нейкі фонд, выклаўшы за яго немалыя грошы. Але час ішоў, а ўчастак некалькі гадоў не асвойваўся: мабыць, у таго фонду не хапіла сродкаў на будаўніцтва. І плакалі грошыкі, ўчастак у фонду забралі, а выплачаныя раней грошы не вярнулі... Нічога не зробіш – такія правілы гульні.
Потым стала вядома, што ўчастак адыйшоў да ТАА «Эледi-Груп» па інвестыцыйнай дамове. На восеньскай сесіі Брэсцкага гарсавета ў гэтым годзе дэпутаты разгледзелі пытанне «Аб стане спраў і перспектывах інвестыцыйнай дзейнасці па сацыяльна-эканамічнаму развіццю Брэста ў 2016-2020 гадах», дзе з дакладам выступіў намеснік старшыні гарвыканкама Андрэй Філановіч. У прыватнасці, ён адзначыў і гэтую новабудоўлю. Падкрэсліў, што ўпраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама яшчэ пяць гадоў таму, у верасні 2011 года, заключыла інвестыцыйную дамову з ТАА «Эледi-Груп» на будаўніцтва па вуліцы Астроўскага жылых дамоў і адміністрацыйнага будынка з гандлёва-офіснымі памяшканнямі.
Жыццём праверана, што ўтрыманне інвестыцыйнага праекта - гэта для грамадскасці таямніца за сям'ю замкамі, пра што кажа судовая цяжба брэсцкага каардынатара руху «За Свабоду» Дзяніса Турчаняка з аблвыканкамам з нагоды інвестыцыйнага дагавора з фірмай «Девелопиент», якой аддалі пад забудову ў цэнтры Брэста зямельны ўчастак з гістарычнымі дамамі па вул.Савецкай, 43 і 45.
Але тым не менш з выступу на сесіі гарсавета намесніка старшыні гарвыканкама стала вядома, што сума інвестыцый – тры мільёны даляраў. У ТАА «РестаeрацыяIнвест» была распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя, якая прайшла дзяржэкспертызу. На аб'екце ўжо два гады ідуць будаўніча-мантажныя работы. Але паводле гэтага інвестдагавора гарадская пракуратура, якая праводзіла праверку па найбольш значных інвестдамовах, адзначыла, што пры яго заключэнні не ўлічана, што ў квартале забудовы былі будынкі, якія ўяўлялі гісторыка-культурную каштоўнасць, што пацягнула за сабой неабходнасць карэкціроўкі дамовы.
Але ж яшчэ ў 2014 годзе дырэктар ТАА «РэстаўрацыяІнвест» Уладзімір Казакоў, дарэчы, навуковы кіраўнік Мінкультуры па выкананні праектных і будаўнічых работ у гістарычным цэнтры Брэста, зацвердзіў аб'ёмную справаздачу сваіх праекціроўшчыкаў: «Ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) па аб'екце «Будаўніцтва ў г. Брэсце па вул. Астроўскага жылых дамоў і адміністрацыйнага будынка з убудаванымі памяшканнямі».
Дык вось у раздзеле «Арганізацыя ўчастка пад будаўніцтва запраектаваных будынкаў» чорным па беламу запісана: «Для падрыхтоўкі пляцоўкі пад будаўніцтва патрабуецца знос наступных будынкаў: жылых дамоў №№ 4, 6, 8 па вул. Астроўскага, № 28 па вул. 17-га Верасня і гаспадарчых пабудоў (хлявоў).
Дэмантаж дамоу у пляме забудовы выконваецца без зачаплення дамоў № 10 па вул..Астроўскага і № 26 па вул. 17-га Верасня, якія з'яўляюцца аб'ектамі культурна -гістарычнай каштоўнасці».
Праўда, заўважым: невядома куды падзеўся ў дакументацыі аднапавярховы драўляны дом № 2 па вул. Астроўскага, які прымыкаў на рагу да дому № 28 па вул. 17-га Верасня?
Двухпавярховаму Г-кшталтнаму дому № 10 па вул..Астроўскага пашанцавала: ён, хоць і без жыхароу, яшчэ стаіць, нібы чакае сваёй долі.
А вось фасад дома № 26 па вул. 17-га Верасня, які будаўнікі ТАА «Эледи-Груп» пакінулі ад яго, не вытрымаў ваганняў глебы ад удараў пнеўматычнай кувадлы, што бiла побач жалезабетонныя палі. Фасад паваліўся, як у свой час паваліліся падпёртые драўлянымі ўпорамі фасады гістарычных дамоў №№ 54 і 56 па вул. К. Маркса.
Цяпер на месцы былога гістарычнага дома ўзвялі двухпавярховы навабуд, да таго ж адрознены ад арыгінала тым, што ў яго на першым паверсе замест ранейшых адных ўваходных дзвярэй іх стала дзве. Вось такая атрымалася рэстаўрацыя!
Успомнім пра дамы, якія пайшлі пад знос, – гэта дзва аднапавярховых цагляных дома па вул. Астроўскага №№ 6 і 8. Вядома, што іх пабудавалі дзесцi ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя, і яны уяўлялі значную цікавасць для будучых архітэктараў, гісторыкаў, мастакоў і краязнаўцаў. Па парапеце кожнага з іх пад дахам быў выкладзены шматступенны цагляны карніз, над вокнамі – клiнчатые цагляныя перамычкі па тыпу крэпаснога мура, дзе цэгла была выкладзеная вертыкальна. У двары кут дома № 8 меў так званы «адбойнік», якi не сустракаецца ў сучаснай архітэктуры, калі палова кута зразана, утвараючы прастакутную плоскасць да зямлі. А на ўездзе з вул. Астроўскага ў сценах суседніх дамоў тырчалі уцалелыя металічныя загваздкі, на якіх у старыя часы трымаліся заслоны зачынянай на ноч брамы.
Старажылы ўспамінаюць, што ў доме № 6 па вул. Астроўскага яшчэ пры Польшчы размяшчаліся стайні для коней і вазоў сялян, якія везлі збожжа на рынак у Гасцінага двара па вул. Маскоўскай (дзе цяпер стаіць ЦУМ)
Па ўсім было відаць, што дамы №№ 6 и 8 як бы самі прасіліся быць унесенымі ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Але, калі спецыялісты ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва і аддзела культуры Брэсцкага гарвыканкама выбіралі прэтэндэнтаў для таго спісу, то пра гэтыя дамы чамусьці забыліся, і ім у тым спісе не знайшлося месца. Як быццам загадзя намячалі аддаць iх пад знос будучаму інвестару, як яно і здарылася.
Так выглядае новабудоўля ў снежні 2016 года
У прынцыпе вырашана пытанне і з перасяленнем рэдакцыі незалежнай газеты «Брэсцкі кур'ер», якая займае гістарычны двухпавярховы будынак пабач - па ул.17 верасня, 22-24, які трапіў у зону інтарэсаў ТАА «Эледi-Груп». Кажуць, што па дамоўленасці з забудоўшчыкам рэдакцыя павінна пераехаць у будынак ў глыбіні двара. Але для гэтага трэба спачатку яго дабудаваць, пусціць у эксплуатацыю, падаць ўнутр эсвято, ваду, ацяпленне, усталяваць і наладзіць кампутары і іншае абсталяванне. Але, калі верыць пашпарту аб'екта, гэта павінна здарыцца ў 2017 годзе, калі тут павінна скончыцца будаўніцтва.
Праўда, мяркуючы па пашпарце аб'екта, невядома ў якім месяцы канкрэтна пачалося будаўніцтва аб'екта ў 2015 годзе і ў якім месяцы 2017-га павінна скончыцца
На аб'екце можна азнаёміцца з эскізным праектам - якім будзе аб'ект у комплексе.
Толькі не трэба казаць пра тое, што гнілое старое жыллё трэба сцерці з твару зямлі і што новае і зручнае жыллё значна лепш і камфортней старага хламу. Трэба, каб Уладзімір Казакоў успомніў два сваіх з душой адрэстаўраваных аб'екта: двухпавярховы дом па вул.Савецкай, 50 (дзе цяпер бар «Візіт») і трохпавярховы дом па вул.Будзёнага, 49, дзе філіял «РРбанка». У свой час «Брэстрэстаўрацыяпраект» , які ён узначальваў, выступіў распрацоўшчыкам праектаў іх рэстаўрацыі. Будаўнікі тады разабралі іх па цаглінцы, зрабілі сучасную «ўнутранку» (цэнтральнае ацяпленне, газ, гарачую і халодную ваду), але знешні выгляд аднавілi такім, якім ён быў дагэтуль. Гонар яму за гэта і хвала!
А працiунiкам захавання старога Брэста скажу так: будзем берагчы тое, што яшчэ, дзякуй Богу, засталося. Наш горад, хоць і малады, пасля зносу старога Брэст-Літоўска прайшло нейкіх 180 гадоў, але ўсё-такі нават у такім выглядзе ён які ні ёсць, а ўсё ж радня!