18.12.2017 Грамадства
Пад Брэстам біліся арміі часоў Першай сусветнай вайны (фота)
У Скоках 15-17 снежня адбыўся міжнародны ваенна-гістарычны фестываль «Скокі-2017».
Цяперашняе мерапрыемства прысвечана стагоддзю падпісання перамір'я на Усходнім фронце 15 снежня 1917 года. Фестываль у прыгараднай вёсцы Скокі пачаўся з міжнароднай канферэнцыі "Вялікая еўрапейская вайна на тэрыторыі Беларусі». Яе ўдзельнікамі сталі навукоўцы, краязнаўцы, гісторыкі з Беларусі, Расіі і Польшчы, якія цікавяцца тэмай Першай сусветнай вайны.
Самая відовішчная частка – гістарычная рэканструкцыя, якая адбылася 16 снежня. У паркавай зоне сядзібы Нямцэвічаў былі паказаныя моманты баёў 1916-1917 гадоў. Падзеі стогадовай даўнасці адновілі каля 100 прадстаўнікоў беларускіх, польскіх і расійскіх гістарычных клубаў. Паглядзець на храналогію "баявых дзеянняў" , што папярэднічалі падпісанню "Брэсцкага міру", прыйшлі сотні людзей.
"Музеі, якія ў нас ёсць, — у іх глядзець няма чаго. Нашы музеі пабудаваныя па прынцыпу: чапаць нельга, разглядаць нельга, каментаваць нельга. Хацелася гэта неяк выправіць. Калі бярэш у рукі вінтоўку і ідзеш на "поле боя" адчуваеш тыя мільённыя страты людзей, і іначай разумееш гісторыю. Калі мы даведаліся, што менавіта тут было першае перамір'е, якое спыніла гэтую глабальную мясарубку, то абыйсці такую падзею проста было нельга", – распавёў brestspring.com Сяргей, адзін з брэсцкіх рэканструктараў. Раней месцам падпісання мірнага пагаднення лічылася крэпасць Брэст-Літоўск. Але цяпер ёсць дакументальнае пацвярджэнне, што дамова была падпісаная менавіта ў вёсцы Скокі пад Брэстам. Згадка знайшлася ў дзённіках камандуючага Усходнім германскім фронтам генерал-фельдмаршала прынца Баварскага Леапольда. Яго стаўка была перанесеная сюды ў 1916 годзе са Слоніма.