30.12.2017 Грамадства
У Брэсце створаны медыяцэнтр для грамадскіх арганізацый
Ён будзе кардыянаваць супрацу мясцовых актывістаў і СМІ.
У Брэсце створаны медыяцэнтр для грамадскіх арганізацый. Яго адкрыццё адбылося ў прасторах КХ. Гэты праект будзе старацца развіць супрацоўніцтва паміж актывістамі і прадстаўнікамі медыясферы ў Брэсце.
Пра мэту мерапремства прысутным распавёў Дзмітрый Шыманскі, дырэктар агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч». Сёлета «Дзедзіч» запусціў мабільную прыладу «Будзь валанцёрам», якая, як можна дагадацца з назвы, дапамагае НДА шукаць добраахвотнікаў для сваіх праектаў. Па словах Шыманскага, падчас рэалізацыі прылады высветлілася адна істотная праблема ў жыцці брэсцкіх арганізацыяў.
Шыманскі: «У грамадскіх арганізацыях ёсць праблема з тым, як распавесці пра сябе. Часам не так істотна, што чалавек робіць, як уменне прыгожа сабе прыпаднесці. Хтосці добра ўмее гэта рабіць, а хтосці не вельмі. Таму так з'явілася ідэя дапамагчы грамадскіх арганізацыям распавядаць пра сабе брэстаўчанам праз СМІ, які ўжо існуюць у нашым рэгіёне (мы ж не будзем кожны прыдумваць сваё СМІ?). Менавіта таму мы сабралі разам прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і прадстаўнікоў СМІ, каб пачаць больш шыльна супрацоўнічаць. Мэта – пашырыць прысутнасць грамадскіх арганізацый ў медыяпрасторы гораду».
Пасля гэтага пачалося абмеркаванне, падчас якога і актывісты і журналісты распавядалі пра свой досвед ужо існуючай супрацы, агучвалі адзін аднаму плюсы і мінусы узаемнай дзейнасці.
На адкрыцці медыяцэнтру таксама выступіў госць з Мінску Антон Кашлікаў, галоўны рэдактар інтэрнэт-часопісаў 34mag.net і 34travel.me. Ён правёў лекцыю аб тым, як СМІ пісаць цікавыя для чытача матэрыялы пра культурныя і сацыяльныя праекты Беларусі, а актывістам – як зацікаўліваць медыя сваімі праектамі.
Скончылася мерапрыемства практычнай гульнёй. Прысутныя падзялілі па парах, у якую ўваходзілі па аднаму прадстаўніку ад СМІ і аднаму ад грамадскай арганізацыі. Цягам 5 хвілін яны мусілі прыдумаць сумэсны праект, які змогуць рэалізаваць у наступным годзе. Так метадам мазгавога штурму нарадзіліся 5 праектаў сацыяльнай, экалагічнай і турыстычнай тэматыкі. Прысутныя дамовіліся, што напрыканцы 2018 году яны зноў сустрэнуцца, каб падвесці вынікі: якія праекты атрымалася рэалізаваць,
а якія не.