16.05.2019
Грамадзянская абарона. Імпатэнцыя ўладаў.
Сітуацыя вакол завода АКБ у СЭЗ "Брэст" можа выйсці з-пад кантролю ўладаў.
У афіцыйных СМІ было заяўлена, што на IPower, які не прайшоў прыёмку ў эксплуатацыю 30 красавіка 2019 года, ідуць пусканаладачныя працы.
Аднак відавочна іншае - завод зажыў паўнакроўным вытворчым жыццём і пачаў выпускаць самыя сапраўдныя акумулятары. Праўда, вывозяць іх з прадпрыемства па начах, на іх няма фірмовых налепак, а ў накладных яны значацца як «паўфабрыкаты».
Звярніце ўвагу на даты з пакавальнага ліста. 13 траўня 2019 года спынілі фуру з "паўфабрыкатамі".
Акумулятары выпускаць нельга – гэта ж "пусканаладачныя працы", а вось паўфабрыкаты, калі ласка.
Завод запрацаваў 1 траўня з таго часу і працуе практычна круглыя суткі, выкідваючы па начах праз трубы сульфат свінцу. Каля завода стаіць непрыемны хімічны пах і ў мясцовыя ўжо пачалі звяртацца да лекараў са скаргамі на пяршэнне ў горле і галаўныя болі.
Грамадзяне звяртаюцца ў органы ўлады са скаргамі на тое, што завод вырабляе выкіды, гудзе і шуміць, вырабляе гатовую прадукцыю. Вось як рэагуе на прэтэнзію берасцейца Дзям'яна Лепясевіча Менская "шышка" з Рэспубліканскага цэнтра Дзяржаўнай экалагічнай экспэртызы Яўген Рачэўскі.
Аляксандр Гарошка да красавіка месяца 2019 г кіраваў Пінскай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У красавіку ўзначаліў Брэсцкі прыродаахоўны камітэт, замяніўшы на гэтай пасадзе Тамару Ялкоўскую. Ёсць інфармацыя, што Аляксандр Васільевіч добры таварыш Віктара Лемяшэўскага і што апошні адыграў не апошнюю ролю ў кар'еры эколага.
Улады на працягу доўгага часу паказваюць поўную прафесійную непрыдатнасць. Гэтыя тэлефонныя размовы пацвярджаюць бездапаможнасць і некампетэнтнасць чыноўнікаў, імпатэнцыю ў прыняцці рашэнняў. А як яны могуць, нешта зрабіць, калі наверсе адзін чалавек ад якога залежыць іх дабрабыт, усё ўжо вырашыў?
Берасцейцы, гледзячы на бездапаможнасць чыноўнікаў, узялі сітуацыю ў свае рукі - усталявалі кругласутачнае дзяжурства каля прахадной завода АКБ і фіксуюць тое, што адбываецца – збіраюць доказную базу. Для будучых крымінальных разглядаў.
Паўлюк Кавалёў, служба навін "Берасцейскай Вясны"