23.07.2019
На Шашэйнай зрабілі паўнавартасны пешаходны пераход!
Пасля таго як жыхары звярнуліся да «ЮцюбДэпутатаў» на вуліцы Шашэйнай ў Брэсце вельмі аператыўна намалявалі зебру пешаходнага пераходу i зрабілi штучную няроўнасць.
Нагадаем, у 2018 на вуліцы шашэйнай замянілі асфальт, але не нанеслі разметку пешаходнага пераходу і не зрабілі штучную няроўнасць. Ад папярэдняга пераходу засталіся толькі дарожныя знакі.
У верасні 2018 жыхары звярнуліся ў гарвыканкам з просьбай нанесці разметку і зрабіць штучную няроўнасць. Гарвыканкам даў каманду ДАІ, ДАІ адказала грамадзянам, што на гэты момант зрабіць гэта не дазваляюць умовы надвор'я, але ў другім квартале 2019 абавязкова!
Аднак скончыўся першы квартал, на зыходзе быў другі - ніхто не варушыўся ні ДАІ, ні гарвыканкам, ні дарожнікі. Тады мясцовыя жыхары звярнуліся да Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава.
19 чэрвеня на ютуб канале "Ютуб дэпутаты" з'явілася відэа, дзе асвятлялася гэтая праблема.
Праз пару дзён у "Зоне Х" на БТ таксама была паднятая гэтая тэма. А ўжо ў абед, у дзень эфіру, на Шашэйнай пачалі ляпіць "ляжачага паліцэйскага". А потым вельмі хутка з'явілася разметка на асфальце.
Як была i як стала
Дарожнікі спазніліся на паўтара тыдня і зрабілі абяцанае ўжо ў 3 квартале 2019, але берасцейцы з вул. Шашэйнай упэўненыя, што калі б не галоснасць, якую зладзілі блогеры і «Зона Х», нічога б не адбылося. На жаль, улады не чуюць сваiх грамадзян.