28.04.2019
Берасцейцы кармілі галубоў у Вялік Дзень. (Фотарэпартаж)
Прыкладна 75 асобаў выйшлі 28 красавіка на плошчу Леніна ў Берасці на традыцыйнае кармленне галубоў на знак пратэсту супраць будаўніцтва побач з горадам акумулятарнага завода.
Было вельмі шмат міліцыі, як у форме, так і ў цывільным. Людзей зноў папярэдзілі аб адказнасці за парушэнне закона Аб масавых мерапрыемствах.
На плошчы былі назіральнікі праваабарончай арганізацыі "Беларускі Хельсінскі камітэт" і тры прадстаўнікі міжнароднай сеткі назіральнікаў з Расеі.
Сярод тэм для абмеркавання стала і затрыманне перад Вялікаднем аднаго з лідараў пратэстнага руху Дзмітрыя Бекалюка. Як высветлілася, да суда яго даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання.
Гэту перадачу Дзміцеру Бекалюку людзі занеслі пасля мерапрыемства.
Падчас сустрэчы быў арганізаваны збор подпісаў пад прапановай у Савет Міністраў аб падпісанні і ўнясенне ў парламент законапраекта аб ратыфікацыі Міжнароднай канвенцыі для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў.
У адрозненне ад апошніх тыдняў, на плошчы не праводзілася ніякага мерапрыемства. Барацьбіты за экалогію павіншавалі адзін аднаго з Вялікаднем, пагутарылі і разышліся. Падчас і пасля маўклівай акцыі пратэсту затрыманняў не было.