24.10.2018 Грамадства
Суддзе забракла «фактуры» для пакарання чарговага “арнітолага”
Суд на праваабаронцам Раманам Кісляком, які адбыўся 24 кастрычніка 2018 года, парадаваў інтрыгай і разгубленасцю суддзі суда Ленінскага раёна Дзмітрыя Шурына, хаця ж ён трымаўся агурком.
Згодна з пратаколам, днём 14 кастрычніка Раман Кісляк прыняў удзел у незаконным пікетаванні супраць акумулятарнага завода на плошчы Леніна, тым самым парушыў закон аб масавых мерапрыемствах. Сведка прапаршчык Павел Ружанскі бачыў, што Раман Кісляк даваў інтэрв'ю Сяргею Пятрухіну на пл. Леніна. Менавіта гэта прапаршчык ППСМ лічыць удзелам у пікетаванні. Іншых дзеянняў ён не бачыў.
Раман з'яўляецца членам праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб'яднання «Рух «За Свабоду» і прысутнічае на народных кармленнях галубоў супраць будаўніцтва завода акумулятарных батарэй як назіральнік і праваабаронца.
Раман Кісляк: «Амаль кожную нядзелю я прыходжу на плошчу і назіраю ў рамках сваёй праваабарончай дзейнасці за тым, як праходзіць акцыя пратэсту. Гэта свабода мірных сходаў, свабода выказвання меркаванняў. Таксама падчас такіх акцый здараюцца канфліктныя сітуацыі з супрацоўнікамі міліцыі, я спецыялізуюсь на такіх канфліктах і спрэчках, таму мая задача - весці відэаназіранне, пры неабходнасці рабіць фота- і відэаздымкі падзей. Я не ўдзельнічаю ў самой акцыі».
Пасля прагляду відэазапіса нават суддзе Дзмітрыю Шурыну не хапіла «фактуры» для вынясення патрабаванага зверху рашэння, і ён абвясціў дзесяціхвілінны перапынак, які ператварыўся ў паўгадзінны. За гэты час быў знойдзены і прывезены ў суд яшчэ адзін “сведка” - старшы ўчастковы інспектар міліцыі інспекцыі па справах непаўнагадовых маёр Вячаслаў Дарашук.
На судзе маёр заявіў, што Раман Кісляк пляскаў у ладкі каля аўтазака, чым і парушыў арт. 23. 34. Раман даў яму магчымасць прызнаць, што ён памыліўся, але маёр цвёрда пацвердзіў, што памыліцца ён не можа, бо добра ведае і памятае праваабаронцу.
Раман Кісляк: «Ён альбо памыляецца, альбо наўмысна падманвае. У мяне ёсць сведчанне - відэазапіс: у той момант я здымаў відэа на планшэт »
Пасля гэтага суддзя агучыў рашэнне - адправіць справу на дапрацоўку.
Сяргей Пятрухін,
Народны рэпарцёр