05.10.2018 Грамадства
Помста “праваахоўніка” Мікалая Самасюка
5 кастрычніка законапаслухмяны грамадзянін Канстанцін Астапук паводле позвы прыйшоў у Ленінскі РАЎС на 15-00 і не выйшаў.
Нагадаем, пасля затрымання грамадзкага актывіста 30 верасня непадалёк ад плошчы Леніна з Канстанцінам Астапуком праводзіў прафілактычную гутарку намеснік начальніка АУС Мікалай Самасюк.

Аб гутарцы Канстанцін распавядае: “Самасюк пагражаў мне ў кабінеце. Мяне трымалі без ежы і вады суткі... Гэта помста Мікалая Самасюка, ён мне сказаў, што мяне знойдуць у Мухаўцы, калі я не прыпыню карміць галубоў. Гэта страшны чалавек, калі што са мной здарыцца - ён вінават! Я усе роўна выйду карміць галубоў...”
І сапраўды, акрамя судовага штрафа Астапук атрымаў яшчэ пакаранне ў 3 базавых адзінкі ад міліцыі за парушэнне ПДД (падчас затрымання выйшаў на праезджую частку) і зараз знаходзіцца пад вартай. Чаму і за што затрыманы грамадзкі актывіст з позвы не бачна.
Неабыякавыя берасцейцы парупілісь і падтрымалі Канстанціна перадачай.
Праваабаронца Уладзімір Вялічкін перакананы, што пераслед Астапука мае на мэце залякаць берасцейцаў, каб тыя не выходзілі на акцыі супраць завода АКБ. “Абяцаў, што выйдзе, вось і “прытрымалі”. А што інкрымінаваць, за выходныя з пальца высмакчуць. Набор невялікі” - кажа правабаронца.