02.08.2017 Грамадства
Баранавіцкі актывіст звярнуўся ў КПЧ
“01 жніўня 2017 года баранавіцкі актывіст “Руху за Свабоду” Юры Казакевіч звярнуўся ў КПЧ са скаргай-паведамленнем на незаконныя дзеянні Свіслачскай міліцыі, Гарадзенскай вобласці, якія прыцягнулі яго да адміністратыўнай адказнасці па ч.1 арт. 23.34 КаАП за тое, што ён, разам са сваімі сябрамі 30 кастрычніка 2016 года на тэрыторыі горада Свіслач і ў вёсцы Якушоўка Свіслачскага раёна, Гарадзенскай вобласці, удзельнічаў у мірнай акцыі памяці паўстанцам 1963 года, якая праходзіла каля помнікаў Канстанціну Каліноўскаму і Рамуальду Траугуту і ў быўшым радавым маёнтку Каліноўскіх – у вёсцы Якушоўка”, - расказаў “Брэсцкай вясне” праваабаронца з Баранавіч Сяргей Гоўша
Актывіст звярнуўся па дапамогу ў Баранавіцкае аддзяленне Праваабарончага Цэнтра “Вясна”. Дзе Сяргей Гоўша і праваабаронца Аляксандар Вайцешык аказалі неабходную прававую дапамогу.
Юрый Казакевіч у міліцыі і ў судзе даказваў, што ўскладанне кветак да помнікаў не падпадае пад Закон “Аб масавых мерапрыемствах...” і супярэчыць міжнароднаму праву, таму не падавалі заяўкі на правядзенне масавага мерапрыемства.
У сваёй скарзе апліканты падкрэслівалі, што міліцыя не адразу адрэагавала на іх дзеянні. Мінуў час і ў міліцыі на іх быў складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні.
Зварот у Гарадзенскі абласны суд, а таксама да старшыні тагож абласнога суда быў безвыніковы. Пастанова была “пакінута без зменаў, а скарга без задавальнення”.
Нязгодны з пастановамі судоў першай і другой інстанцыі актывіст звярнуўся ў Камітэт па Правах Чалавека ў Жэневе. Актывіст перакананы, што мае рацыю, і верыць у перамогу.
Баранавіцкія праваабаронцы абяцаюць і надалей аказваць яму неабходную дапамогу.